Еўрадэпутат: Трэба ўжо паволі ўводзіць бязвізавы рэжым з Беларуссю
Сёння на шляху да збліжэння Еўрасаюза і Беларусі стаіць усяго некалькі перашкодаў. І галоўная з іх ― візавая. Часам здаецца, што беларускія ўлады самі не вельмі-та спяшаюцца рашаць "візавае пытанне". Але дэпутат Еўрапарламента ад Латвіі Андрэй Мамыкін пасля сустрэчаў з нашымі чыноўнікамі ўпэўнены: Беларусь гатовая не толькі да змяншэння кошту Шэнгенскіх візаў да 35 еўра, але і ў прынцыпе да бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам.
"Усе сябры нашай дэлегацыі, якая наведала Беларусь 18 і 19 ліпеня, перакананыя ў тым, што трэба ўжо паціху ўводзіць бязвізавы рэжым з вашай краінай. Прыемна, што МЗС Беларусі і міністр Макей выказалі такое ж меркаванне.
Спачатку неабходна ўвесці аблегчаны рэжым: усе краіны ўжо плацяць 35 еўра за візу, а грамадзяне Беларусі 60 еўра ― гэта ўжо несумленна.
А потым выходзіць на перспектыву бязвізавага рэжыму. Бо шмат якія краіны Усходняга партнёрства, сябрам якога з’яўляецца і Беларусь, ужо маюць ці атрымліваюць бязвізавы рэжым з ЕС. Бо такі рэжым ― гэта прывілегія не для прэзідэнта ці прэм’ера, а для простага чалавека”.
Яшчэ адной перашкодай на шляху да збліжэння Андрэй Мамыкін называе праблему з прызнаннем у Еўрасаюзе беларускіх дыпломаў. А ў адказ на пытанне: ці не лічыць ён такой перашкодай парушэнне правоў чалавека і свабоды СМІ у Беларусі — еўрадэпутат кажа, што "не яго справа — даваць парады іншай краіне і яе жыхарам, як ім жыць".
Тым не менш, палітык не пагаджаецца з абвінавачваннем у тым, што ён ― лабіст беларускага рэжыму. І упэўнівае ― у Бруселі ніхто не збіраецца заплюшчваць вочы на "беларускае пытанне":
"Фундаментальныя каштоўнасці: правы чалавека, свабода СМІ ― Еўрасаюз не забыў. За гэтыя два дні ў нас было 17 сустрэчаў, і паўсюль мы казалі пра важнасць гэтых каштоўнасцяў. Што адметна, падчас размоваў тон і аднаго, і другога боку быў вельмі добразычлівы. Дыскусія з дэпутатамі вашага парламенту была да такой ступені гарачай, што, па законах драматургіі, далей трэба было ці посуд біць, цівыклікаць суразмоўцаў на дуэль. Але выказаўшы прэтэнзіі з абодвух бакоў, мы развіталіся як даўнія сябры".
Па словах Мамыкіна, шмат гадоў еўрапейскія палітыкі чулі выключна меркаванне апазіцыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Але прыйшоў час пачуць і другі бок.
Цалкам размову з дэпутатам Еўрапарламенту можна паглядзець тут: