Еўрапарламент гатовы зняць санкцыі з Беларусі ўзамен на далейшыя саступкі

Еўрапарламент гатовы зняць санкцыі з Беларусі ўзамен на далейшыя саступкі

У камітэце па замежных справах Еўрапарламента прайшлі слуханні па Беларусі. Як перадае Радыё "Свабода", у іх узялі ўдзел дырэктар аддзела еўрапейскага партнёрства Еўрапейскай службы знешняй палітыкі Гунар Віганд і спецыяльны дакладчык ААН Міклаш Харашці. На слуханнях выступіў беларускі праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Гунар Віганд адзначыў, што афіцыйны Мінск выканаў самае галоўнае патрабаванне  ЕС — вызваліў палітвязняў. Аднак гэта не азначае, што становішча з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі адразу змянілася. Па словах дыпламата, ніякіх сістэмных зменаў у гэтым напрамку ў краіне не адбылося, а самі палітвязні не былі рэабілітаваныя.

Еўрапейскі палітык дадаў, што адказ ЕС на вызваленне палітвязняў дагэтуль абмяркоўваецца ў Еўрасавеце міністраў замежных справаў і рэакцыя на гэты крок будзе бліжэйшым часам.

Спецдакладчык ААН Міклаш Харашці заклікаў не цешыцца ілюзіямі з нагоды нібыта адноснай лібералізацыі ў Беларусі. Ён адзначыў, што беларускія ўлады не аднойчы вызвалялі палітвязняў перад выбарамі. Харашці прапанаваў не рабіць значных крокаў насустрач Беларусі да выбараў. "Мы ведаем вынікі гэтых выбараў — ведаем з прычыны нязменных законаў, нязменнага становішча з правамі чалавека, у прыватнасці, нязменнага становішча з выбарчымі правамі. Такія выбары па азначэнні не могуць быць свабоднымі і справядлівымі. І яны ніколі не былі свабоднымі і справядлівымі з таго часу, як прэзідэнт Лукашэнка прыйшоў да ўлады", — дадаў спецдакладчык ААН.

На яго думку, крокі Еўрасаюза насустрач Беларусі павінны спалучацца "з яшчэ большымі саступкамі з боку беларускіх уладаў".

Фота: newsbel.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі