Еўрапарламент ухваліў дапамогу постсавецкім краінам у сувязі з COVID-19
15 траўня еўрадэпутаты ўхвалілі экстранную макрафінансавую дапамогу краінам-суседзям ЕС, перадае Радыё "Свабода".
У рамках палітыкі суседства і пашырэння экстранную макрафінансавую дапамогу для пераадолення эканамічных наступстваў пандэміі COVID-19 атрымаюць 10 краінаў. У іх ліку — Украіна, Грузія, Малдова.
Агульны аб’ём крэдыту складзе 3 мільярды еўра. Праграму дапамогі павінен яшчэ зацвердзіць Савет ЕС.
Найбольшую дапамогу атрымае Украіна — 1,2 мільярда еўра, Тунісу вылучаць 600 мільёнаў еўра, Грузіі — 150 мільёнаў, Малдове — 100 мільёнаў.
Беларусь таксама звярталася да Бруселя з просьбай пра фінансавую дапамогу ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса. Аднак рашэння па гэтай просьбе пакуль няма. Еўрасаюз заявіў, што 60 мільёнаў еўра на барацьбу з распаўсюдам COVID-19 вылучыць, калі афіцыйны Мінск прыслухаецца да рэкамэндацыяў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Сярод гэтых рэкамендацыяў была адмова ад масавых акцыяў. Аднак неўзабаве пасля гэтай перасцярогі ў Мінску прайшоў вайсковы парад і быў зладжаны святочны вулічны канцэрт да Дня Перамогі.
Па стане на 15 траўня, у Беларусі зарэгістравана 27 730 выпадкаў каранавіруса, памерлі 156 пацыентаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.