Еўрапейцам раяць замест ялавічыны есці насякомых
З хуткім павелічэннем насельніцтва на планеце, людзям давядзецца прывыкаць да конікаў і тараканаў ды рабіць хімічную ежу.
Французскі хімік Эрвэ Ціс, які прыдумаў малекулярную гастраномію, распрацаваў новую канцэпцыю, якая мусіць вырашыць харчовае пытанне ў перанаселеным свеце. Паводле яго слоў, кожны прадукт складаецца з сумесі хімічных элементаў. А таму, згодна з новым прынцыпам “Нота за нотай”, можна прыгатаваць пажыўныя стравы, выкарыстоўваючы парашкі, алеі і вадкасці. І ніякіх “жывых” прадуктаў.
“Нота за нотай” азначае адсутнасць мяса, гародніны, фруктаў, рыбы і яек. Ёсць толькі чыстыя кампаненты, з якіх ты робіш страву”, — кажа Эрвэ Ціс.
І, сапраўды, перад камерай BBC француз робіць абед, у якім замест яйка бярэ чысты альбумін, што змяшчае бялок, дадае бэта-карацін — для колеру, а таксама цэлюлозу. Адным словам, гуляе з кампанентамі, як мастак з фарбамі.
Француз кажа, што людзі не вельмі добра ўспрымаюць ідэю “новай кухні”.
Але калі ўлічыць, што хутка адбудзецца ўзрост насельніцтва свету да 9-10 мільярдаў чалавек, які будзе суправаджацца энергетычным і водным крызісам, “Ноту за нотай” прыйдзецца прыняць. Да таго ж атрымаецца пазбегнуць псавання ежы, якой марнуецца ажно 45%, пакуль яна дойдзе з поля да талеркі спажыўца. Эрвэ Ціс прапануе першымі “падсадзіць” на новую дыету ВІПаў.
Эрвэ Ціс: “Калі каралі свету пачнуць есці згодна з кухняй “Нота за нотай”, вы таксама захочаце так рабіць, нават калі аддаяце перавагу смажанай курыцы”.
Некалькі месяцаў таму Deutsche Welle таксама напісала пра ежу будучыні. Згодна з нямецкім выданнем, экалагічна чыстай альтэрнатывай для ялавічыны могуць стаць… насякомыя. Цікава толькі, ці змогуць еўрапейцы пераварыць такую думку?
Deutsche Welle: “Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО) лічыць, што жывёлагадоўля з’яўляецца адной з галоўных прычын вострых экалагічных праблем у свеце, у тым ліку глабальнага пацяплення, дэградацыі зямель, забруджвання паветра і вады. Таму мы не можам падтрымліваць сённяшнія ўзроўні спажывання мяса”.
Прадстаўнік ФАО кажа, што насякомыя з’яўляюцца вельмі пажыўнымі, і іх ужо ядуць 2 мільярды чалавек, альбо трэць жыхароў свету.
Французскі прадпрымальнік Жан-Габрыэль Лявон вырабляе з насякомых кармы для жывёл. Хацеў вырабляць і ежу для людзей, але пакуль што асабліва раскруціцца з такім бізнесам не дазваляюць еўрапейскія нормы. Але Жан-Габрыэль Лявон глядзіць у будучыню з аптымізмам:
“Трыццаць гадоў таму ніхто не еў сушы ў Еўропе. Цяпер усе ядуць. Чаму такому не адбыцца і з насякомымі?”
І сапраўды, рацыён еўрапейцаў можа змяніцца вельмі хутка: ЕС прапанаваў краінам-сябрам 3 мільёны еўра на даследаванне насякомых у харчаванні. У 2014 ФАО правядзе буйную канферэнцыю ў Нідэрландах, падчас якой большасць абмежаванняў на продаж прыдатных для ежы насякомых могуць быць знятыя цягам дзесяці гадоў.
Фота: news.com.au