Еўрапейскае касмічнае агенцтва запускае місію да Юпітэра

Сонечная сістэма / pixabay.com
Сонечная сістэма / pixabay.com

Еўрапейскае касмічнае агенцтва запускае місію да Юпітэра. Шлях да гэтай планеты і яе спадарожнікаў зойме восем гадоў (да ліпеня 2031-га).

Як паведамляе "Бі-Бі-Сі", мэтай місіі называецца вывучэнне галоўных спадарожнікаў найбуйнейшай планеты Сонечнай сістэмы — высвятленне, ці ёсць там умовы для ўзнікнення жыцця (задачы шукаць само жыццё няма). Існуюць важкія сведчанні таго, што ў глыбіні Калісты, Еўропы і Ганімеда хаваюцца цэлыя акіяны вады ў вадкім стане.

Праект называецца "Даследчык ледзяных месяцаў Юпітэра" (Jupiter Icy Moons Explorer, ці скарочана — Juice). Запуск ракеты Ariane-5 з касмічным зондам быў запланаваны на чацвер, але быў адкладзены на пятніцу "з-за рызыкі ўдару маланкі". Ён адбудзецца на касмадроме Куру ў Французскай Гвіяне.

Каб адправіць касмічны зонд наўпрост да Юпітэра, у ракеты, нават самай магутнай, не хопіць энергіі. Замест гэтага яна выведзе апарат на адмысловую траекторыю ва ўнутранай частцы Сонечнай сістэмы, адкуль, скарыстаўшыся для разгону гравітацыяй Зямлі і Венеры, ён адправіцца да Юпітэра. "Акно" для запуску складае ўсяго адну секунду. Для таго, каб спрацавала "гравітацыйная прашча" і карабель атрымаў неабходнае паскарэнне ў патрэбны момант часу, усе планеты павінны знаходзіцца ў патрэбным становішчы адносна адзін аднаго. Гэтым і тлумачыцца такая высокая дакладнасць моманту запуску.

На місію было выдаткавана 1,6 млрд еўра.

Еўрапейскае касмічнае агенцтва запускае місію да Юпітэра
airbus.com
Еўрапейскае касмічнае агенцтва запускае місію да Юпітэра
NASA/JPL

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі