Еўрапейская кінаакадэмія выступіла ў абарону Таццяны Гацуры-Яворскай
У абарону беларускай палітзняволенай Таццяны Гацуры-Яворскай выказалася Еўрапейская кінаакадэмія (EFA). Тэкст звароту, пад якім падпісаліся 56 кінаарганізацыяў, з'явіўся на сайце арганізацыі.
"Гацура-Яворская зрабіла істотны ўнёсак у беларускую культуру і прапаганду фундаментальных каштоўнасцяў", — гаворыцца ў ім.
Да закліку вызваліць Таццяну Гацуру-Яворскую ды іншых праваабаронцаў далучыліся Міжнародная кааліцыя кінематаграфістаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, Human Rights Film Network і кінафестывалі з усяго свету.
Таццяна вядомая як дырэктар Міжнароднага кінафестывалю WATCH DOCS Belarus.
5 красавіка яе затрымалі разам з іншымі актывісткамі арганізацыі "Звяно". Перад гэтым улады зачынілі арганізаваную "Звяном" выставу "Машына дыхае, а я не". Яна прысвячалася працы медыкаў ва ўмовах пандэміі COVID-19.
Усе актывісткі былі асуджаныя па адміністрацыйных артыкулах, а на Гацуру-Яворскую пачалі крымінальную справу. Беларускія праваабаронцы прызналі Таццяну палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.