Еўрарада заклікала беларускія ўлады вярнуць ва Украіну вывезеных дзяцей

Украінскія дзеці падчас паездкі ў Беларусь

Украінскія дзеці падчас паездкі ў Беларусь / sb.by

Еўрапейская рада звярнулася да Расіі і Беларусі з заклікам вярнуць ва Украіну дэпартаваных дзяцей. Пра гэта гаворыцца ў дакументах Еўрарады, апублікаваных паводле вынікаў першага дня саміту. Еўрарада "паўтарае свой настойлівы заклік да Расіі і Беларусі неадкладна забяспечыць бяспечнае вяртанне ва Украіну ўсіх незаконна дэпартаваных і перамешчаных украінскіх дзяцей і іншых грамадзянскіх асоб", — адзначаецца ў дакуменце. Сябры Еўрарады таксама заявілі, што асуджаюць ваенную падтрымку, якую аказваюць Расіі Іран, Беларусь і КНДР, і заклікалі гэтыя краіны ўстрымацца ад матэрыяльнай падтрымкі агрэсара.

У выніковых дакументах першага дня саміту таксама гаворыцца, што "Еўрапейскі Саюз і яго дзяржавы-члены будуць працягваць задавальняць надзённыя ваенныя і абаронныя патрэбнасці Украіны". Хоць учора, нагадаем, ён так і не змог узгадніць выдзяленне фінансавай дапамогі Украіне ў памеры 50 млрд еўра. Рашэнне заблакіравала Венгрыя. Затое было прынятае рашэнне аб пачатку перамоваў з Украінай і Малдовай аб уступленні ў ЕС, а таксама прадастаўленні Грузіі статусу кандыдата.

Нагадаем, міжнародны крымінальны суд у Гаазе ўжо выдаў ордэр на арышт расійскага прэзідэнта Уладзімір Пуціна і ўпаўнаважанай па правах чалавека Марыі Львовай-Бяловай за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. У Еўрапарламенце лічаць, што беларускія ўлады таксама могуць мець дачыненне да ўчынення гэтага злачынства. Кіраўнік НАУ Павел Латушка ўжо перадаў у Гаагу дакументы, якія пацвярджаюць гэтыя сцвярджэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі