Еўрасаюз прыпыніў санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі да 29 лютага 2016 года

Еўрасаюз прыпыніў санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі да 29 лютага 2016 года

Савет ЕС паведаміў, што санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі прыпыненыя на чатыры месяцы — да 29 лютага 2016 года. Замарозка санкцыяў закране 170 асобаў і актывы трох беларускіх прадпрыемстваў.

"Гэтае рашэнне было прынята ў адказ на вызваленне ўсіх беларускіх палітвязняў 22 жніўня і ў кантэксце пацяплення адносінаў паміж ЕС і Беларуссю", — адзначаецца ў прэс-рэлізе Савета ЕС.

Разам з тым адзначаецца, што ЕС будзе працягваць уважліва сачыць за сітуацыяй у галіне дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

Санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі мусілі скончыцца 31 кастрычніка. Савет ЕС працягнуў санкцыі на чатыры месяцы, да 29 лютага 2016 года, і ан той жа час прыпыніў іх.

Пад санкцыямі застаюцца чатыры асобы, якія ўдзельнічалі у незаконных знікненнях у Беларусі. Таксама засталося дзейнічаць эмбарга на пастаўкі зброі.

Рашэнне было прынята пісьмовай працэдурай.

Чаму здымаюць санкцыі

Еўрасаюз вырашыў спыніць санкцыі супраць Беларусі “ў святле вызвалення некалькіх палітычных зняволеных пасля выбараў, якія прайшлі ў атмасферы прымірэння”. Вялікую ролю яшчэ адыграла пасярэдніцтва Мінска ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту.

Але галоўную ролю адыграла правядзенне выбараў. А менавіта, зафіксаваны назіральнікамі “прагрэс”: галасаванне было больш адкрытым, нікога не затрымлівалі, апазіцыю не прыціснялі. Нягледзячы на тое, што выбары яшчэ не адпавядаюць міжнародным стандартам, змены адбыліся, палічылі назіральнікі.

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што вынікі выбараў і афіцыйныя лічбы не маюць вялікага значэння для рашэння Еўрасаюза.

“ЕС разумеюць, што нельга так хутка пераўтварыцца з аўтарытарнага лідара ў дэмакратычнага. У сувязі з украінскімі падзяемі тая роля і палітыка, якую праводзіць Лукашэнка стабільная і шмат каго задавальняе. Бачна, што ён не расійская марыянетка”.

Што зменіцца?

Хуткіх зменаў пасля зняцця санкцый не адбудзецца. Але можна чакаць магчымы візіт або Лукашэнкі ў краіны ЕС, або візіт еўралідараў у Беларусь. Доўгатэрміновы эфект ад зняцця — гэта паляпшэнне іміджу Беларусі. А менавіта, інвестарам будзе вальней і прасцей нешта ўкладаць у эканоміку. Але мы гэта не хутка адчуем, дадае Дзяніс Мельянцоў.

“У параўнанні з прыпыненнем санкцый у 2008 годзе, цяпер больш шансаў, што пацяпленне будзе працягвацца. І Брусель, і Мінск хочуць захоўваць набраную дынаміку. Яны не ставяць завышаных мэтаў, і адчуваюць, што трэба ставіцца з большым разуменнем адзін да аднаго. Таму Еўрасаюз гатовы ўспрымаць аргументы афіцыйнага Мінска”.

Па словах Мельянцова, ёсць дынаміка ў супрацоўніцтве з ЕС. Галоўнае: дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму, якая амаль падпісаная, перамовы па мадэрнізацыі, доступ да еўрапейскіх фінансавых рэсурсаў. Беларускі бок вельмі зацікаўлены, каб было падпісана базавае пагадненне паміж нашай краінай і ЕС.

Пры якіх умовах санкцыі могуць вярнуцца?

"Санкцыі могуць быць зноў уведзеныя ў дзеянне ў любы момант, калі гэта будзе апраўдана", ― заявілі ў Еўракамісіі.

Фота: sputnik.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі