"Ежедневник": На беларускіх дзецях ставілі доследы з карэйскай вакцынай
Смерць двухмесячнага хлопчыка ў Ганцавіцкім раёне пасля прышчэпкі стала вядомая на ўсю краіну. Нагадаем, што акрамя хлопчыка ў цяжкім стане пасля прышчэпкі была дзяўчынка, але яна выжыла.
Дзецям калолі французскую і паўднёвакарэйскую вакцыну. Ужыванне абедзвюх вакцынаў было прыпыненае. Пазней паведамлялася, што на расследаванне выпадку прыбылі спецыялісты з карэйскай кампаніі LG Chem. Ltd. Таксама з'явілася інфармацыя, што карэйская вакцына "Эўпента" не прайшла беларускай сертыфікацыі — дакументы абяцалі падрыхтаваць да канца верасня.
Інтэрнэт-выданне "Ежедневник" выявіла, што "Эўпенту" актыўна сталі ўжываць у Беларусі са студзеня 2017 года. Пры гэтым выкарыстанне вакцыны, не зарэгістраванай у Беларусі, забароненае законам "Аб лекавых сродках".
На запыт журналістаў чыноўнікі Мінздароўя паведамілі, што каля 10% замежных лекаў у Беларусі не зарэгістраваныя — гэта дазваляецца законам.
Праўда, як удакладняе "Ежедневник", такі ўвоз лекаў дазволены ў двух выпадках: для правядзення клінічных (даклінічных) выпрабаванняў і для ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, эпідэмічных захворванняў. Астатнія выпадкі з'яўляюцца прыватнымі і не могуць ужывацца ў выпадку гэтай вакцыны.
Журналісты выявілі, што лекі не прайшлі неабходных выпрабаванняў і не зарэгістраваныя нават у Паўднёвай Карэі: пра гэта сведчыць сайт карэйскага міністэрства.
Зыходзячы з гэтага, "Ежедневник" робіць выснову, што беларускія дзеці сталі паддоследнымі для ўжывання паўднёвакарэйскай вакцыны.
Падрабязнае расследаванне можна пачытаць тут.