Фаната з Магілёва вінавацяць у "дзяржздрадзе" — яму пагражае да 20 гадоў калоніі
Сяргей Ціханаў
У Магілёве судзяць 32-гадовага мясцовага жыхара Сяргея Ціханава. Яго вінавацяць у "здрадзе дзяржаве", удзеле ў "тэрарыстычнай арганізацыі" ды "экстрэмісцкім фармаванні", піша "Наша Ніва". За гэта мужчыну пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Абвінавачанні ў "дзяржаўнай здрадзе" сталі нярэдкімі ў Беларусі за апошнія гады.
Ціханаў, як піша "НН", — ураджэнец Слаўгарада на Магілёўшчыне. Пасля школы ён адслужыў у войску і скончыў прафесійна-тэхнічны ліцэй №3 па спецыяльнасці "тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці". Пасля гэтага ўсё яго жыццё было звязанае з будаўніцтвам.
Таксама мужчына вядомы як фанат магілёўскага футбольнага клуба "Дняпро".
Працэс над магілёўцам мусіў пачацца 29 кастрычніка. Судзіць яго павінен старшыня Магілёўскага гарадскога суда Ігар Прошка. Суд абвешчаны закрытым. Падрабязнасцяў абвінавачання няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.