Федэрацыя футбола патлумачыла, як лічылі заўзятараў "Крумкачоў"
У суботу 9 красавіка ў Мінску на стадыёне футбольнага клуба "Мінск" праходзіць матч чэмпіянату Беларусі паміж "Крумкачамі" і "Нёманам". "Крумкачы" выйграюць з лікам 2:1, стадыён лікуе ― гэта першая перамога клуба ў Вышэйшай лізе.
Але на наступны дзень узнікае непаразуменне. Згодна з афіцыйным пратаколам матча, на гульню прыйшло 1500 гледачоў. І гэта само па сабе шмат ― год таму матчы клуба Дзяніса Шунта збіралі максімум 400 чалавек. А тут ажно 1500. Праз дзень "Крумкачы" публікуюць інфармацыю, што на іх першы дамашні матч аператар bilety.by прадаў 1834 квіткі. А былі яшчэ ўладальнікі абанементаў. Таму лічбы афіцыйнага пратакола можна аспрэчыць.
У прэс-службе Беларускай федэрацыі футбола Еўрарадыё патлумачылі, што сістэма дакладнага падліку гледачоў на сёння ў Беларусі працуе толькі на "Барысаў-Арэне". На гэтым стадыёне можна дакладна падлічыць абсалютна кожнага, хто прайшоў праз электронную сістэму пропуску. На іншых стадыёнах адказныя за складанне пратаколаў матча асобы вымушаныя ацэньваць колькасць гледачоў прыблізна, зыходзячы з умяшчальнасці трыбун.
"Агульная ўмяшчальнасць 1-га, 2-га і 3-га сектараў стадыёна ФК "Мінск" ― 1659 чалавек. Яны не былі запоўненыя цалкам. На супрацьлеглых трыбунах увогуле былі толькі заўзятары ФК "Нёман", каля 30 чалавек. Зыходзячы з гэтага, у выніковым пратаколе з'явілася лічба 1500 балельшчыкаў", ― тлумачаць у Федэрацыі.
Па назіраннях карэспандэнтаў Еўрарадыё, якія прысутнічалі на матчы, інфармацыя прэс-службы адпавядае рэчаіснасці. На асноўных трыбунах насамрэч былі вольныя месцы.
Першая перамога "Крумкачоў" у Вышэйшай лізе
У матчы 2-га тура яны ў напружанай барацьбе вырвалі сваю вікторыю ў дасведчанага саперніка — гродзенскага “Нёмана” (відэа галоў).
Супрацоўнік клуба "Крумкачы" Аляксей Важнік расказвае Еўрарадыё, што ўзнікла невялікая блытаніна. Насамрэч, 1834 ― гэта не колькасць прададзеных квіткоў, а колькасць квіткоў, якія былі накіраваныя на рэалізацыю. Колькі з іх у выніку было прададзена, у клубе не ведаюць.
"Насамрэч, у нас няма ніякіх прэтэнзій да лічбаў выніковага пратакола. У Федэрацыі існуюць свае метады падліку, вядома. Мы думаем, што рэальная лічба крыху большая, недзе 1600 ― 1700 гледачоў. Але гэта ўсё не прынцыпова, мы з усімі хочам сябраваць, а не сварыцца. Зноў жа, на матчы прысутнічала 38 міліцыянераў. Яны ж таксама футбол глядзелі", ― кажа Аляксей Важнік.
Прадстаўніца сэрвісу bilety.by паведаміла Еўрарадыё, што колькасць прададзеных квіткоў яны ведаюць, але паведаміць такую інфармацыю не могуць, бо яна з'яўляецца "камерцыйнай таямніцай".
Тым часам для некаторых клубаў Вышэйшай лігі блытаніна з колькасцю заўзятараў "Крумкачоў" пакуль недасягальная. На хатні матч сталічнага "Дынама" супраць "Гарадзеі" прыйшло ўсяго 850 чалавек.