Федэральная рэзервовая сістэма ЗША павышае базавую стаўку
Камітэт па аперацыях на адкрытым рынку Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША павышае базавую стаўку. Яе ўстановяць на ўзроўні 0,5-0,75%. Папярэдні раз стаўка была павышаная ў снежні 2015-га, а за апошнія дзесяць гадоў гэта зробяць толькі другі раз, адзначае "Бі-Бі-Сі".
Федэральная рэзервовая сістэма адзначае, што ўзровень беспрацоўя ў ЗША зніжаецца, а колькасць працоўных месцаў павялічваецца. Таксама адзначаецца рост выдаткаў амерыканцаў. Інфляцыя застаецца ніжэйшай за 2%, але ФРС спадзяецца, што з часам рост цэнаў яе дасягне.
Эксперты кажуць, што ў рашэнні Федэральнай рэзервовай сістэмы няма нічога нечаканага. Рынкі адрэагавалі на яго толькі невялікім падзеннем. Reuters адзначае, што павышэнне базавай стаўкі — гэта сігнал, што ў 2017 годзе яна будзе расці хутчэй (як мінімум, тройчы). Як вядома, адміністрацыя Дональда Трампа збіраецца стымуляваць эканоміку з дапамогай змяншэння падаткаў, росту бюджэтных выдаткаў і зніжэння рэгулявання.
Сайт meduza.io піша, што павышэнне базавай стаўкі можа прывесці да замаруджвання інфляцыі ў ЗША і росту курса долара. Гэты крок адаб'ецца на валютах іншых краін, на рынку сыравіны, дзе таргі праходзяць у доларах.