Фермер Ганцэвіч зняўся ў фэйку "з Новай Баравой", таму што ён "за праўду"
Юрый Ганцэвіч на выставе / vk.com
18 красавіка ў тг-каналы было ўкінута фэйкавае відэа, нібыта знятае ў Новай Баравой — дарагім раёне недалёка ад мінскай кальцавой. У роліку, знятым на камеру відэаназірання, трое людзей, якія па адзенні нагадваюць беларускіх сілавікоў, нібыта збіваюць і адносяць мужчыну, а каляску з дзіцем адкідаюць убок. Нагода — БЧБ-сцяжок, прымацаваны да каляскі.
Відэа апублікаваў вялікі тг-канал "Страна для жизни", яго пачалі рэпосціць у чаты. У тым ліку яно трапіла ў чат Новай Баравой, дзе адразу ж засумняваліся ў яго сапраўднасці. Тады аўтары роліка з ананімных акаўнтаў пачалі заяўляць, што цяпер знаходзяцца ў кватэры ў шакаванай жонкі збітага мужчыны. І нават апублікавалі фота той самай каляскі:
Крыху пазней стала вядома, што відэа — фэйк, які знялі Яўген Катляроў, удзельнік групы інтэрнэт-троляў "Людажор", і экс-кандыдат у прэзідэнты Юрый Ганцэвіч. "Людажор" рэгулярна ўкідвае фэйкі ў тэлеграм. Час ад часу ён нават выкарыстоўвае для гэтага копіі акаўнтаў журналістаў. Зрэшты, незалежныя СМІ ўжо засвоілі яго почырк і навучыліся вылічаць яго фэйкі з агульнага патоку інфармацыі.
Калі для Катлярова правакацыйныя выхадкі гэта норма, то якім чынам у гэтым стаўся замяшаны блогер-фермер Ганцэвіч? Яшчэ летась ён быў героем ролікаў Сяргея Ціханоўскага і рэгістраваў ініцыятыўную групу ў ягоную падтрымку. Еўрарадыё задало Ганцавічу некалькі пытанняў.
— Памыйніцы — гэта тэлеграм-каналы. Вы ж бачыце самі, колькі іх стварылі. Надакучыла глядзець. Людзі вераць ва ўсялякую гадасць, якую ім паказваюць, — адказвае ён. — Мы рассылалі не на нейкі спецыфічны, гэта паляцела ва ўсе каналы і чаты. І хто першы падхапіў. Ім усё роўна, дакладная гэта інфармацыя або не.
Разумны чалавек паглядзіць на відэа і зразумее, што там нічога не супадае, што няма дзіцяці. Мы не рыхтаваліся, мы не прафесіяналы ў гэтым. Адзенне не падобнае да супрацоўнікаў міліцыі, няма ніякіх знакаў адрознення [сілавікоў у форме без апазнавальных знакаў рэгулярна можна сустрэць на мінскіх вуліцах з жніўня 2020 года. — Еўрарадыё]. Відавочна, што ў калясцы звычайная лялька. Людзі, якія там удзельнічалі, яны адзетыя па-простаму. Для мяне гэта таксама адзенне штодзённае, я ў касцюме "НАТА", я ў ім на матацыкле езджу, таму што яно не прамакае.
— Вы здымалі ролікі з Сяргеем Ціханоўскім, падтрымлівалі яго, а цяпер ваш фэйк публікуе адным з першых тэлеграм-канал "Страна для жизни". Вы перайшлі ў іншы лагер?
— Не, я нікуды не пераходзіў. Я за праўду. Удзельнічаю толькі там, дзе праўда, а не падман. Калі Сяргей Ціханоўскі паказваў безгаспадарчасць, мяне чапляла: асвятляліся праблемы фермераў, пенсіянераў. І цяпер не адмаўляю, што быў прыхільнікам. Дапамагаў, асвятляў. У працэсе я пазнаёміўся з ягонай жонкай, Святланай Ціханоўскай. Мы былі асабіста знаёмыя. Але калі атрымалася так, што чалавека запраграмавалі, завербавалі... Гэта я пра Святлану Ціханоўскую. Што мне заставалася рабіць? Калі я іду па лініі праўды, што мне заставалася рабіць?
Я хацеў перамены, я хацеў, каб адмянілі дарожны збор. Я прайшоў гэты шлях: кандыдат у дэпутаты, кандыдат у прэзідэнты [Ганцэвіч не быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты. — Еўрарадыё]. І я ў іх расчараваўся, я вам скажу. Гэта людзі, якія падманваюць іншых людзей. І я гэтага не хацеў. Я думаю, што Сяргей Ціханоўскі, які цяпер знаходзіцца ў засценках турмы, ён не ў курсе ўсяго гэтага.
— Але ёсць жа супярэчнасць у тым, каб быць за праўду і ў той жа час здымаць фэйкі.
— Я і мая каза першыя "стваральнікі" канала "Страна для жизни". Але сёння я ўсюды на гэтым канале заблакаваны. Я не магу выказваць сваё меркаванне, якое пачынаў выказваць з Сяргеем Ціханоўскім. Правы на гэты канал у Святланы Ціханоўскай. Яна адмініструе ўсе гэтыя тэлеграм-чаты [наколькі вядома Еўрарадыё, Святлана Ціханоўская не займаецца адміністраваннем тг-чатаў. — Еўрарадыё]. Мне цяпер вельмі крыўдна, што канал "Страна для жизни", у які паверылі людзі, ператварыўся ў нейкую памыйніцу, на якой можна размясціць усё што заўгодна.
— Як вы пасябравалі з Яўгенам Катляровым? Вы цяпер будзеце працаваць разам?
— З Яўгенам Катляровым мы сябруем, маем зносіны, перапісваемся. Ён рабіў гадасці і мне. Але я атрымаў добрую навуку ад яго. Нават быў такі момант, што я прызначыў яго сваім начальнікам штаба. І ён паказаў мне тады, як вось гэтыя людзі з апазіцыі мяне хацелі падставіць. Ёсць пацвярджэнне, факты, і гэта пакуль што інфармацыя закрытая, але яно ўсё ёсць. Я павінен быў выглядаць як гарматнае мяса. Але я не лічу, што гэтага заслужыў. Я звычайны фермер, рабацяга. Займаюся сельскай гаспадаркай. Козы, авечкі... Я не хацеў быць як Сяргей Ціханоўскі. І каб дамагчыся перамен, трэба па прававым полі ісці. Гэта не так працуе, што хтосьці выдумаў скінуць уладу, і яе скідаюць. Гэта ўсё караецца. Я ўсё гэта разумею, хоць у мяне і няма вышэйшай адукацыі. Я разумею, што мяне ізалююць. Таму я і не пераступаў гэтай рысы.
— Дык у чым сутнасць гэтага відэа?
— Мне кажуць, што я зрабіў нейкую бомбу для опа-чатаў. Якую я зрабіў бомбу? Мы проста знялі відэа. Яўген Катляроў закінуў, куды ён мог гэта закінуць. Гэта відэа паляцела, распаўсюдзілася. А мы потым паказалі, як гэта было. Ці я не маю права здымаць пастановачныя фільмы? Адкрылі людзям вочы, зрабілі для іх навуку. Паказалі, што перш, чым паверыць у нейкую інфармацыю, яе трэба праверыць.
Юрый Ганцэвіч — фермер з аграгарадка Пакалюбічы Гомельскага раёна. Ён браў удзел у парламенцкай выбарчай кампаніі ў 2019 годзе і стаў вядомы пасля таго, як з'явіўся на пікетах з казой і трактарам. У 2020 годзе пасля затрымання Сяргея Ціханоўскага спрабаваў стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, але не сабраў 100 тысяч подпісаў і не трапіў у выбарчы бюлетэнь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.