Фермер з-пад Хойнікаў не даў тры літры малака для паўторнай праверкі на радыяцыю
Журналісты Радыё "Свабода" наведалі вядомую цяпер ферму ў Хойніцкім раёне, на ўскраіне Чарнобыльскай зоны. Сваю славу ферма Мікалая Чубянка атрымала, калі карэспандэнты агенцтва Аssociated Press выявілі, што там вырабляецца радыеактыўнае малако. Паведамлялася, што прадукцыю фермы купляе фірма "Мілкавіта".
З абвяржэннем гэтай інфармацыі выступалі і прадпрыемства "Мілкавіта", і беларускія ўлады.
Сам Чубянок журналістам "Свабоды" паведаміў, што малако ў яго чыстае, адпавядае беларускім нарматывам, бо сыравіну рэгулярна правярае Хойніцкі вытворчы ўчастак ААТ "Мілкавіта". Па яго словах, акурат напярэдадні прыязджалі з ветлабараторыі і раённага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, каб узяць яшчэ дзве пробы малака.
Высокі ўзровень радыенуклідаў стронцыю-90 у малацэ з фэрмы (37,5 Бк/кг), якія выявіла лабараторыя Мінскага гарадскога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, Чубянок лічыць ледзь не правакацыя карэспандэнтаў Аssociated Press. Ён заяўляе, што журналісты ездзілі з яго малаком у радыялагічны запаведнік.
Аднак даць журналістам "Свабоды" неабходныя для аналізу тры літры малака Чубянок адмовіўся. Ён заявіў, што дасць малако толькі ў прысутнасці прадстаўнікоў цэнтру гігіены і "Мілкавіты". Аднак санстанцыя адмовілася прыехаць на ферму: маўляў, толькі напярэдадні там былі.