Фэст мабільнага кіно VOKA SmartFilm чакае незвычайныя гісторыі і Кіяну Рыўза
У Мінску стартаваў новы сезон Міжнароднага фестывалю мабільнага кіно VOKA SmartFilm. Фэст, які сёлета праапгрэйдзіў назву (слова Velcom змянілася на VOKA), праходзіць дзявяты раз. За восем гадоў у ім паўдзельнічала больш за 3000 прац з 61 краіны свету. Узяць удзел у фэсце можа кожны ахвотны. Галоўная ўмова — кіно мусіць быць знята на смартфон і не павінна быць даўжэйшым за 10 хвілін.
“Для таго каб паглядзець нешта добрае, цяпер дастаткова ідэі і мабільнага тэлефона, — тлумачыць сэнс фэсту намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па лічбавых платформах і кантэнце Антон Бладзік. — Ідэя і талент сёння пераважаюць магчымыя бюджэты”.
Фільмы VOKA SmartFilm прымае з 5 лютага да 21 сакавіка на сваім сайце. Тэма сёлетняга сезона — незвычайныя гісторыі.
“Ідэі могуць быць якія заўгодна, бо, як мне падаецца, часам самыя звычайныя гісторыі для некага з нас з’яўляюцца незвычайнымі для ўсіх астатніх. Таму мы не ставім нейкія рамкі”, — працягвае Антон Бладзік.
Абіраць пераможцаў будзе народнае (прагаласаваць за тую ці іншую стужку можна на сайце фестывалю) і прафесійнае журы: гэта кіназнаўца і дырэктар праграм ігравога кіно кінафестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў, кінакрытык Антон Сідарэнка, журналіст і крытык Тарас Тарналіцкі, рэжысёрка-дакументаліст Анастасія Мірашнічэнка, прадзюсар Леанід Каліценя, каардынатар Нацыянальнага конкурсу кінафестывалю “Лістапад” Мікалай Лаўранюк, дырэктарка кінафестывалю “Паўночнае ззянне” Воля Чайкоўская, рэжысёрка Улада Сянькова.
“У гэтым фармаце можна прасачыць калі не нейкія глабальныя тэндэнцыі, то тое, як мысліць кінематаграфічны працэс, які знаходзіцца ў цені, які не з’яўляецца часткай вялікай індустрыі, а з‘яўляецца прадстаўніком тых, хто любіць кіно, хто робіць свае першыя, другія ці дзясятыя крокі на шляху да ажыццяўлення сваёй кінематаграфічнай мары. Гэта жывы працэс, ценявая кінематаграфічная кухня вельмі цікавая”, — кажа пра асаблівасць фестывалю Ігар Сукманаў.
Традыцыйна фестываль правядзе майстар класы, 9 красавіка ў кінатэатры VOKA SmartFilm пройдзе народнае галасаванне, 16 красавіка фэст падвядзе вынікі. Уладальнік Гран-пры атрымае грашовы прыз у 3000 рублёў, аўтары трох лепшых стужак — смартфоны.
Па словах арганізатараў, фэст маюць наведаць зоркі расійскага кіно. Таксама запрашэнне ў Мінск было адпраўлена галівудскай зорцы Кіяну Рыўзу (Джону Уіку, які, як мы памятаем, аказаўся "дзіцем Беларусі"), каб ён змог “прайсціся па месцах баявой славы”. Дарэчы, на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю фестывалю, арганізатары паказалі кароткі фільм, у якім жыхары роднай вёскі Джардані Ёванавіча расказваюць, якім ён быў у дзяцінстве і юнацтве. Атрымалася вельмі смешна. І так, менавіта Кіяну ўпрыгожвае фестывальны постар, калі хто не пазнаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.