Фіцу зрабілі другую аперацыю: стан цяжкі, але пагрозы жыццю няма

Транспартыроўка параненага Роберта Фіцы пасля замаху

Транспартыроўка параненага Роберта Фіцы пасля замаху / Reuters

Стан прэм'ер-міністра Славакіі Роберта Фіцы, на якога 15 траўня быў учынены замах, застаецца надзвычай цяжкім. У пятніцу 17 траўня палітык перанёс другую аперацыю, якая доўжылася пяць гадзін, паведамляе выданне ТА3 са спасылкай на міністра абароны краіны Роберта Каліняка.

Паводле яго слоў, у прэм'ера трапілі чатыры кулі. Дзве нанеслі лёгкія раненні, трэцяя — сярэдняй цяжкасці і чацвёртая — цяжкае.

"Гэта так званае бруднае раненне, то бок яно заносіць у арганізм вялікую колькасць інфекцый. Менавіта таму аперацыя была зроблена, каб урачы маглі выдаліць усе тканіны, якія выклікаюць праблему, і ў той жа час праверыць умяшальніцтвы, якія яны зрабілі падчас першай аперацыі", — растлумачыў міністр.

Каліняк кажа, што першапачаткова добрая фізічная падрыхтоўка прэм'ера адыграла ролю пры рэакцыі арганізма на раненне. Але цяпер рэзервы ахоўных механізмаў вычарпаныя, таму транспартыроўка палітыка ў Браціславу з бальніцы ў Банскай Быстрыцы ў бліжэйшы час не плануецца.

Згодна з інфармацыяй намдырэктара шпіталя Мілана Урбані, на аснове сённяшняй ранішняй кансультацыі дактары могуць канстатаваць, што пагрозы жыццю прэм'ера цяпер няма.

"Аднак яго стан усё яшчэ вельмі цяжкі, і яму патрэбны працяглы час і спакой для акрыяння. Мы верым, што ўсё пойдзе ў добрым напрамку", — адзначыў ён.

Замах на Роберта Фіца адбыўся ў горадзе Гандлава. Яго здзейсніў 71-гадовы паэт і палітычны актывіст Юрай Цынтула праз нязгоду з палітыкай цяперашніх уладаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі