Фільм беларускіх рэжысёраў трапіў у шорт-ліст Еўрапейскай кінаакадэміі

Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка атрымліваюць прыз на фестывалі ў Капенгагене ў сакавіку 2023 года

Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка атрымліваюць прыз на фестывалі ў Капенгагене ў сакавіку 2023 года / aol.com

Дакументальны фільм Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі "Радзіма" трапіў у шорт-ліст прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі ў раздзеле "Еўрапейскае дакументальнае кіно".

Стужка распавядае гісторыю маці, чыйго сына знайшлі мёртвым падчас службы ў войску. Аўтары карціны спрабуюць прааналізаваць праблему гвалту ў войску і грамадстве, даследуюць сацыяльныя нормы. Раней "Радзіма" ужо была адзначана галоўным прызам у міжнароднай секцыі дакументальнага кіно на 15-м кінафестывалі NNW у Гдыні. А на Міжнародным фестывалі дакументальнага і кароткаметражнага кіно ў Кракаве стужка атрымала Прыз глядацкіх сімпатый.

У шорт-ліст "Ігравога еўрапейскага кіно" прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі трапіла стужка польскага рэжысёра Агнешкі Холанд "Зялёная мяжа", у якой занятыя беларускія акцёры. Гэта ўдзельнікі музычнага гурта "Разбітае сэрца пацана" Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка. Раней яны ўваходзілі ў трупу "Беларускага Свабоднага тэатра". "Зялёная мяжа" прысвечана тэме мігранцкага крызісу на беларуска-польскай мяжы. Раней гэтая стужка ўжо атрымала спецыяльны прыз журы Венецыянскага кінафестывалю.

Прэмія Еўрапейскай кінаакадэміі была заснаваная ў 1988 годзе і з'яўляецца галоўнай кінематаграфічная прэміяй Аб'яднанай Еўропы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі