Фільм, зняты ў Беларусі, едзе на Берлінскі кінафестываль
Урокі фарсі / Hype Film
Сусветная прэм'ера фільма "Урокі фарсі", знятага на базе "Беларусьфільма", пройдзе на Берлінскім кінафестывалі 22 лютага 2020 года. Стужку пакажуць на цэнтральнай пляцоўцы Берлінале — Berlinale Palast. "Урокі фарсі" трапілі ў праграму Berlinale Special.
Хоць у вытворчасці "Урокаў фарсі" ўдзельнічалі тры краіны: Расія, Германія і Беларусь, — у расійскай прэсе пра фільм пішуць як пра расійскі. На сайце кінафестывалю краіна фільма пазначаная як Russian Federation / Germany / Belarus. Здымалі яго на базе "Беларусьфільма" — у Мінску і ў іншых гарадах Беларусі.
Кіно расказвае пра бельгійца яўрэйскага паходжання. У акупаванай Еўропе ён аказваецца ў канцлагеры. Каб выжыць, ён выдае сябе за перса. Раптам высвятляецца, што кухар канцлагера марыць пасля вайны з'ехаць у Іран і хоча вывучыць фарсі. Бельгійцу даводзіцца даваць яму ўрокі мовы, якую ён сам не ведае.
"Урокі фарсі" першапачаткова хацеў зняць Цімур Бекмамбетаў, але зняў рэжысёр з Кіева Вадзім Перэльман. Да гэтага ён займаўся навелай для фільма "Ёлкі 5", драмай "Купі мяне" і некалькімі серыяламі, якія выйшлі ў Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.