Fitch ацаніла сітуацыю ў Беларусі як абмежаваны дэфолт — гэта можна выправіць?
Аднак агенцтва канстатуе, што тэмпы падзення эканомікі праз санкцыі замарудзіліся / pixabay
Рэйтынгавае агенцтва Fitch ацаніла сітуацыю ў Беларусі як RD — гэта значыць, абмежаваны дэфолт. Прычына ў тым, што Беларусь працягвае плаціць па доларавых еўрааблігацыях беларускімі рублямі. Агенцтва адзначае, што такія разлікі ў альтэрнатыўных валютах супярэчаць правілам.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім дазволіў плаціць па знешніх даўгах у нацыянальнай валюце, сёлета ў сакавіку. У тлумачэнні на сайце Міністэрства фінансаў Беларусі гаворыцца, што закон уводзіцца дзеля падвышэння ўнутранай устойлівасці эканомікі ва ўмовах "беспрэцэдэнтнага санкцыйнага ціску".
"Доўгатэрміновы рэйтынг у замежнай валюце можа быць павышаны, калі Fitch палічыць, што адносіны з міжнароднымі крэдыторамі нармалізаваліся з дапамогай рэструктурызацыі камерцыйнага доўгу або аднаўлення выплат па еўрааблігацыях ў адпаведнасці з першапачатковымі ўмовамі, а таксама ёсць відавочныя прыкметы таго, што ўрад жадае і можа працягваць праводзіць плацяжы", — гаворыцца ў заяве агенцтва.
Агенцтва таксама адзначае, што санкцыі ўдарылі па эканоміцы Беларусі. Асноўнае ўздзеянне санкцый — вымушаная пераарыентацыя гандлёвых патокаў у бок ад ЕС і ЗША.
"Тэмпы зніжэння замарудзіліся, што сведчыць пра тое, што эканоміка, магчыма, пачынае адаптавацца, а уведзеныя санкцыямі абмежаванні на імпарт, з якімі сутыкнулася Расія, стварылі больш магчымасцяў для беларускіх тавараў, а зніжэнне курсу беларускага рубля ў адносінах да расійскага рубля падвысіла канкурэнтаздольнасць. Актыўнасць падтрымлівалася бесперабойнай вытворчасцю на дзяржаўных прадпрыемствах, што прывяло да значнага назапашвання таварна-матэрыяльных запасаў", — адзначаюць спецыялісты агенцтва.
Тым не менш, аналітыкі агенцтва чакаюць, што эканамічны спад будзе працягвацца яшчэ найбліжэйшыя два гады. Перспектывы для інвестыцый малыя, структурныя рэформы прыпыненыя, кваліфікаваныя работнікі пакінулі краіну, а палітычная напружанасць стварае дадатковыя рызыкі. Аналітыкі адзначаюць, што падтрымка Беларуссю расійскага ўварвання ва Украіну значна паменшыла прастору для манеўру паміж Захадам і Расіяй, якую Беларусь раней выгадна выкарыстоўвала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.