Фота збітых людзей — пастановачныя кадры. Пра што яшчэ казаў Лукашэнка ў Гродне?

Аляксандр Лукашэнка на праўладным мітынгу ў Гродне / belta.by
Аляксандр Лукашэнка на праўладным мітынгу ў Гродне / belta.by

22 жніўня Аляксандр Лукашэнка прыехаў на праўладны мітынг у Гродне. Ён прадставіў гарадзенцам новага губернатара вобласці, а таксама выказаў меркаванне пра падзеі ў краіне. У прыватнасці, Лукашэнка папрасіў беларусаў дараваць сілавікоў, параіў цэрквам і касцёлам "асцепяніцца" і назваў большую частку фатаграфій збітых людзей "пастановачнымі кадрамі". Цытуем галоўнае.

Пра сілавікоў

Некаторыя абнаглелі да таго, што няшчасны мент на машыне прыехаў адрамантаваць машыну, каманда з Польшчы: ціснуць мянтоў. За што? Што вы будзеце рабіць, калі пачнецца бандытызм на вуліцах? Каму вы будзеце тэлефанаваць? 01, 02, 03 або 101, 102, 103. Мы з дзяцінства ведаем гэтыя тэлефоны, не граміце гэтых людзей. Гэта вашы людзі. Нават калі яны дзесьці памыліліся — даруйце ім.

Пра "чорную сотню"

Я ўжо казаў: з'явілася так званая чорная сотня. У цэнтры і тут ужо дзе-нідзе сталі ўзнікаць асобныя цэнтры, пакуль не завяла пракуратура крымінальную справу. Як толькі распачалі, палова ці больш там разбегліся, а гэтыя схаваліся пад плінтус. Мы іх выцягнем ўсіх.

Вы толькі падумайце, што яны нам прапаноўваюць, гэтыя "чарнасоценцы". Сёння СМІ — гэта частка гібрыднай вайны, якая развязана супраць Беларусі. Усё сканцэнтравана на СМІ. Пачалі ціснуць, травіць сем'і. Пачалі запалохваць дзяцей, дзяржслужачых, ваенных, журналістаў. Гэта ненармальна. Гэта будзем спыняць самым жорсткім чынам.

Пра фатаграфіі збітых сілавікамі беларусаў

У інтэрнэце хто сядзіць? 60% паказвалі сінякі. 60% пастановачныя кадры! Пройдзе час, мы спакойна вам аб гэтым скажам і пакажам. Сёння не час пра гэта казаць, каб не бударажыць людзей

Гродзенскую дзяўчынку нібыта збіў АМАП, і ўся краіна рыдала. Бацька яе сказаў: ніхто нас не збіваў мы трапілі ў ДТЗ. Дзякуй яму. Гэта мужны чалавек!

Пра цэрквы і касцёлы

Асцяпяніцеся і займіцеся сваёй справай. У храмы людзі павінны прыходзіць маліцца. Цэрквы, касцёлы — не для палітыкі.

Пра замежнае ўмяшанне

Пытанне не ў Лукашэнку сёння. Я наеўся гэтага хлеба. Але ўявіце на хвіліну — няма Лукашэнкі. Хто сёння камандаваў б войскамі на заходняй мяжы? Перад кім бы міністр абароны стаяў навыцяжку і дакладваў? Мы б на гэтай плошчы ўжо не былі б гаспадарамі. Нас паламалі б, пакрашылі і выплюнулі б.

Сёння нас штурхаюць у прорву разладу і нянавісці. На заходняй мяжы неспакойна, бразгочуць зброяй, пагражаюць, адкрыта ўмешваюцца ва ўнутраныя справы нашай суверэннай дзяржавы. Хтосьці нават, паціраючы рукі (я гэта ведаю дакладна), успамінае пра "Усходнiя крэсы", дзе ўсё беларускае было пад забаронай і выпальвалася гарачым жалезам. Зараз гэта наша зямля. Зямля суверэннай Беларусі, дзе жывуць у міры і згодзе ўсе нацыянальнасці, якія фармуюць каркас беларускага народа. А сваю зямлю мы павінны абараняць.

Пра мову

У гэтым цудоўным рэгіёне людзі размаўляюць на беларускай, рускай, польскай, літоўскай, украінскай. Нам прапануюць паўзучае знішчэнне рускай мовы. Маўляў, за тыдзень пяройдзем на беларускую. Навошта? Няхай людзі гавораць на той мове, на якой яны хочуць. Так было заўсёды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі