Французскі журналіст Вінацье: Беларусь стала тым, чым збіраўся быць СССР
Аўтар выдання The Global Journal, які даследуе нашу краіну, распавёў пра асаблівую адметнасць, якую заўважыў у нашай краіне.
У Еўрасаюзе Беларусь уяўляецца спячым вулканам, які ажывае толькі перад выбарамі. Такую думку Еўрарадыё выказаў француз Ларан Вінацье — доктар палітычных навук і аўтар выдання The Global Journal. Адна з яго публікацый атрымала прыз на конкурсе Belarus in Focus, які праводзіць Інфармацыйны офіс "Салідарнасці з Беларуссю".
"У той жа Швейцарыі, дзе я зараз жыву, першая асацыяцыя пра Беларусь — гэта Чарнобыль, — пералічвае Ларан Вінацье. — Другая — гэта палітычныя супярэчнасці паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Трэба сказаць, што многія людзі ў ЕС думаюць, што ваша краіна — гэта суб’ект Расійскай Федэрацыі. Не ўсе чулі, што Беларусь — незалежная. У нас у галовах некалькі такіх клішэ. І пісаць лепш, іх абыходзячы".
Еўрарадыё: Ведаю, што друкуеце матэрыялы пра Расійскую Федэрацыю, Каўказ, Украіну. Якія асаблівыя адметнасці вы заўважылі ў Беларусі?
Ларан Вінацье: "Адна выснова, да якой я прыйшоў: Беларусь стала тым, чым спадзяваўся зрабіцца Савецкі Саюз. Так, некаторыя іншыя даследчыкі са мной пагаджаюцца. Гэта своеасаблівы маленькі СССР".
Еўрарадыё: І чаго не дасягнулі ў Саюзе, што ажыццявілася ў Беларусі?
Ларан Вінацье: "Гэта, напрыклад, адміністратыўнае пытанне, праца сацыяльных служб. Тут усё параўнальна лягчэй, чым у тым жа Кіеве. Гэта назіраю не толькі я, але і іншыя замежнікі, якія бываюць у Беларусі, пераважна французы. Штодзённае жыццё, яно не звязана з палітыкай. У параўнанні з многімі іншымі гарадамі былога СССР у Мінску яно больш лёгкае".
Еўрарадыё: У сэнсе? Маецца на ўвазе, што затораў на дарогах няма?
Ларан Вінацье: "Гэта таксама. Яшчэ тое, калі звяртаешся да чыноўнікаў, то праблемы вырашаюцца хутчэй".
Еўрарадыё: Ці часта ў СМІ Еўрапейскага Саюза пішуць пра Беларусь?
Ларан Вінацье: "Не часта. У гэтым годзе і ў наступным, па-мойму, у прэсе пра Беларусь не будзе шмат напісана. Падчас выбараў зноўку пачнуць з’яўляцца матэрыялы".
Еўрарадыё: Ці робіцца больш розгаласу ў той жа Швейцарыі пра Беларусь? Усё ж краіны знаходзяцца не так далёка адна ад адной.
Ларан Вінацье: "Нічога ў гэтым плане не мяняецца. Беларусь — гэта краіна-фантом, ніхто не ведае дакладна, што там адбываецца. І ёсць меркаванне, што нічога не адбываецца. І свет чакае ў Беларусі рэвалюцыі".
Еўрарадыё: Дык, відаць, і пра Літву, Славенію, іншыя неагромністыя краіны мала розгаласу.
Ларан Вінацье: "Пра гэтыя краіны таксама мала пішуць. Але пра Беларусь яшчэ менш, бо яна пакуль не з’яўляецца ўдзельнікам Еўрапейскага Саюза. Краіна месціцца на самай мяжы з ЕС — і пра яе амаль нічога не вядома".
Еўрарадыё: А Еўрасаюзу Беларусь патрэбна? Ёсць меркаванне: насамрэч сённяшняя сітуацыя, калі мы з’яўляемся своеасаблівай буфернай зонай паміж ЕС і Расіяй, усім бакам выгадная. Тым часам сама Беларусь не развіваецца належным чынам.
Ларан Вінацье: "Беларусь, Украіна, Малдова знаходзяцца геаграфічна на Еўрапейскім кантыненце. А значыцца, ёсць і правы быць сябрам Еўрасаюза. Рана ці позна гэта здарыцца, хоць і неабходна абмеркаванне такога рашэння. Але сёння ёсць рознагалоссі і выбіраюцца розныя шляхі развіцця".