Французскія багеты выміраюць

Здаецца, французы не настолькі любяць хлеб, як прынята лічыць. За апошнія 40 гадоў яны сталі ўдвая менш яго спажываць: цяпер сярэдні француз у дзень з’ядае толькі палову багета замест цэлага.

Лобі-група “Абсерваторыя хлеба” ўсур’ёз занепакоеная, перадае Нацыянальнае грамадскае радыё:

“Бернард Валіус, які ўзначальвае групу, кажа, што раней лічылася, што людзі штодня маюць сядзячы абед і вячэру з сям’ёй і сябрамі. Цяпер жа людзі, асабліва маладыя і хто жыве ў гарадах, ядуць бутэрброды альбо ўвогуле адмаўляюцца ад абеду і закусак”.

Каб выратаваць сітуацыю, лобі-група запусціла кампанію, якая будзе заахвочваць французаў да спажывання хлеба і багетаў. У 130 гарадах з’явіліся плакаты і рэкламныя шчыты з лозунгам: “Гэй, ты ўзяў хлеб?”

Яшчэ адной прычынай, з якой французы адзвычайваюцца ад хлеба, можа быць механізацыя, якая прывяла да так званых прамысловых багетаў. Са з’яўленнем новых машын для выпечкі некаторыя пекары пачалі выкарыстоўваць замарожанае цеста замест свежага, што, натуральна, адбілася і на якасці прадукта. Дый самі людзі сталі менш пераборлівымі і ўсё часцей набываюць мяккія і недапечаныя багеты ў супермаркетах. Тым часам калумніст BBC Кім Лайдлоў задаецца пытаннем, ці выміраюць французскія багеты. І распавядае, якім мусіць быць добры хлеб:

“Добрыя пякарні прапануюць розныя гатункі хлеба. У тым ліку традыцыйны багет, як яго робяць рамеснікі, змяшчае толькі чатыры інгрэдыенты (мука, вада, дрожджы, соль) і не мае дадаткаў”.

Тым не менш значэнне хлеба ў жыцці французаў застаецца вялікім. Калісьці каралева Марыя Антуанэта пажартаваўшы сказала: “Няхай ядуць пірожныя”, калі бедныя заявілі, што ім няма хлеба і яны не могуць паесці. Іх голад і гнеў былі аднымі з каталізатараў звяржэння манархіі падчас Вялікай французскай рэвалюцыі, піша France 24. Пасля таго выпадку французскія ўлады пільна сочаць за пастаўкамі хлеба і круасанаў. Напрыклад, пекары ў Парыжы не могуць сысці на вакацыі, калі ім хочацца, заўважае France 24:

“Пякарні сталіцы ў цяперашні час дзеляцца на дзве роўныя групы:  на тых, хто можа закрыцца ў ліпені, і тых, хто можа рвануць на пляж у жніўні”.

Таксама варта дадаць, што Францыя мае самую высокую шчыльнасць незалежных пякарняў: тут іх налічваецца 32 тысячы. Штогод французы спажываюць 10 мільярдаў багетаў.

Фота: frenchforfoodies.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі