Французскія рэстараны: фэйс-кантроль для "прыгожых" і "непрыгожых" гасцей
І ежа з мікрахвалёўкі. Французскія рэстараны ўжо не тыя?
Выданне The Local піша аб тым, як парыжскія рэстараны хаваюць “пачварных” гасцей. А “прыгожым” прапаноўваюць самыя бачныя месцы наперадзе. Былая афіцыянтка рэстарана Georges, што ў сусветна вядомым Цэнтры Пампіду, распавяла аб палітыцы свайго былога працадаўцы:
“Ён (кіраўнік — заўв.Еўрарадыё) барабаніў увесь час гэтыя правілы ўнутранага распарадку для нас, і ён вельмі ганарыўся тым, што яны з’явіліся дзякуючы яму”.
Складанасці ўзнікалі, калі столік замаўлялі па тэлефоне. Але і ў гэтым выпадку супрацоўнікі мусілі шукаць пэўныя “моўныя ключы”, дзякуючы якім можна было б аднесці кліента ў першую ці другую групу. Калі сумняваліся, абяцалі “зрабіць усё магчымае”, каб знайсці столік. Калі нарэшце кліент прыходзіў, столік мог знайсціся альбо не — у залежнасці ад знешнасці чалавека.
У сакавіку меў месца яшчэ адзін гучны выпадак дыскрымінацыі. У адзін з французскіх рэстаранаў не пусцілі сляпога, калі ён прыйшоў з сабакам-павадыром.
“Гэта быў акт пагарды, адчужэння і непрыемнай дыскрымінацыі”, — заявіў пасля непажаданы госць Сільвіян Сілебранк.
Яшчэ адна прэтэнзія да французскіх рэстаранаў датычыцца самага галоўнага — страваў, якія яны гатуюць. Аказваецца, што апошнім часам усё больш і больш рэстаратараў звяртаюцца да замарожаных паўфабрыкатаў і мікрахвалёўкі, а не да свежапрыгатаванай ежы.
Даніэль Фаскель, дэпутат Нацыянальнага сходу Францыі, прапануе абавязаць рэстараны пазначаць у меню стравы, якія гатуюцца “з нуля”, спецыяльным подпісам.
Даніэль Фаскель: “Я не хачу, каб шэф-повары былі замененыя мірахвалямі. 40% турыстаў прыязджаюць сюды з-за нашай кухні. Францыя не падобная на іншыя краіны, калі заходзіць гаворка пра кухню. Гэта краіна добрай ежы і добрага віна”.
Сапраўды, абараніць традыцыйную французскую гастраномію можна, хіба, толькі з дапамогай законаў. Бо, як вынікае з даследавання, у гэтым годзе ўпершыню ў гісторыі французы часцей елі ў кропках фаст-фуда, чым у месцах традыцыйнай кухні: 54% продажаў прыходзіцца на McDonald`s, Burger King альбо проста прадукты ў метро. Пад пагрозай аказаліся і вядомыя французскія багеты, да якіх французы таксама праяўляюць усё меншую цікавасць.
Фота: telegraph.co.uk