Franz Ferdinand “Right Thoughts, Right Words, Right Action”

LP “Right Thoughts, Right Words, Right Action” — першы запіс Franz Ferdinand з 2009 года. Увесь гэты час лідар FF Алекс Капранас інтрыгаваў супрацьлеглымі каментарамі. Напрамак альбома ён апісваў як “Наперад!”, але, у той жа час, зазначаў, што гурт хоча гучаць “як Franz Ferdinand”.

Праўдай апынулася другое. Па дарозе да сябе, каханых, FF пераскочылі праз мінулы рэліз “Tonight: Franz Ferdinand” і ў выніку вярнуліся да гучання сярэдзіны 2000-х. Пылу ў гуку паменела, гітары прычасаліся, а бас і бубны сталі натуральнымі, пругкімі і сакавітымі, як грудзі шатландскай даяркі. Вы сумавалі па часах “You Could Have It So Much Better”? Калі ласка!

Але весялосць ўжо не тая. Юнцы з гітарамі адчувальна суцішыліся і пасталелі. Настолькі, што пачалі задумвацца пра жыццё і смерць. “We will soon be rotten, // We will all be forgotten…”, — спявае Капранас у “Fresh Strawberries”: “Хутка мы ўсе загніем, // Хутка пра нас усе забудуцца…” Увесь альбом нагадвае гэтую песню, што пачынаецца з захаплення свежымі трускаўкамі ў талерцы, а заканчваецца загонамі пра жыццё, што пралятае, як куля, з абавязковымі “I don't know what I need” і “Shouldn't it be easy to believe”.

Нешчаслівае каханне для Капранаса больш не тэма для падлеткавай істэрыі. У тэкстах замест сумных адкрыццяў — дарослая пяшчота. Але тут самы час задаць пытанне: ці могуць у адной песні суседнічаць невыносная лёгкасць быцця і свежыя трускаўкі? Franz Ferdinand толькі гуляюцца ў сталенне, сур’ёзныя развагі пра Сусвет і пошукі сэнсаў.

“Right Thoughts, Right Words, Right Action” падобны да ўсяго, што робяць FF. Гурт гучыць як заўжды лёгка і ненавязліва. Музыка “Францаў” поўная жыцця і аптымізму, і паміраць пад яе зусім не хочацца. Хаця хуліганскія клавішы і застаюцца на сваім месцы.

Дарэчы, наконт “паміраць”. Апошні трэк альбома з назвай “Goodbye Lovers & Friends” — гэта натуральнае развітанне. І, натуральна, па сцёбу. “Don’t play pop music, no // You know I hate pop music”, — іранічна спяваюць “францы” пра шоў-праграму на уяўных хаўтурах па гурце: “Не грайце поп-музыку, не // Вы ж ведаеце, я ненавіджу папсу”. Так, альбом “Right Thoughts, Right Words, Right Action” дасягнуў першага месца ў UK Indie Chart. Franz Ferdinand адмовіліся ад старонняй дапамогі і спрадзюсавалі пласцінку самі, то бок гэта indie у квадраце. Але, не зважаючы на ўсё гэта, Franz Ferdinand былі, ёсць і застаюцца завадным поп-гуртом, пад які хочацца дрыгаць ножкай у такт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі