Футбольныя матчы ЧС на нямецкім тэлебачанні ўпершыню каментавала жанчына
Футбольныя матчы чэмпіянату свету на нямецкім тэлебачанні пачала каментаваць жанчына. 54-гадовая журналістка тэлеканала ZDF Клаўдзія Нойман — дасведчаная каментатарка, аднак не ўсе гатовыя былі чуць яе голас за кадрам.
Нойман захапляецца футболам з дзяцінства і спрабавала сябе ў якасці фубольнага каментатара яшчэ ў 1991 годзе, калі прыйшла на тэлебачанне. Таксама яна каментавала тэніс, веласпорт і розныя Алімпійскія спаборніцтвы. Пэўны час яна абмяжоўвалася жаночым футболам, але паступова прыйшла і да каментавання мужчынскіх матчаў.
Два гады таму Нойман каментавала на нацыянальным тэлебачанні матчы чэмпіянату Еўропы і ўжо тады на яе было шмат нападак: публіка адзначала “непрыемны голас”, вымаўленне, звяртала ўвагу на агаворкі і фактычныя памылкі. Часам гледачы наракалі на безэмацыйнасць і аб’ектыўнасць каментатаркі, або проста сыпалі абразамі.
Цяпер гледачы таксама былі незадаволеныя працай Нойман, аднак тэлеканал ZDF заступіўся за журналістку і паабяцаў падаць у суд на некалькіх асобаў, якія выказаліся пра яе ў абразлівым ключы. Яшчэ адна нямецкая тэлекампанія ARD пачала шукаць жанчыну для каментавання футбольных матчаў.
Як адзначае meduza.io, у іншых краінах свету ўжо ёсць практыка, калі жанчыны каментуюць мужчынскі футбол. Аднак дагэтуль яшчэ не было выпадкаў, каб яны каментавалі фіналы чэмпіянату свету. Сёлета іх таксама будуць каментаваць толькі мужчыны.