Гаіці кантралююць узброеныя бандыты — #ІхНоравы

Традыцыйны агляд міжнародных навін.

Традыцыйны агляд міжнародных навін. / @rubanau_collage

Рэлігіі свету гавораць пра мір і спакой, але штосьці яго не відаць. У мусульман пачынаецца Рамадан — і ёсць асцярогі, што ён будзе гарачым. Папа Рымскі неасцярожна выказаўся пра вайну ва Украіне. Быццам заклікаў да міру, але зноў абвастрыў цяжкае пытанне наконт таго, хто павінен дзеля гэтага пайсці на саступкі. У той жа час разгараецца канфлікт у іншай частцы свету — у Гаіці.

Пра гэта — у нашым штодзённым аглядзе міжнародных навін.

Ватыкан апраўдваецца за выказванне Папы

Нядаўняе выказванне кіраўніка каталіцкай царквы і маральнага арыенціра вялікай часткі свету выклікала вялікае абурэнне. Папа Францішак, разважаючы пра вайну Расіі супраць Украіны, сказаў, што мацнейшы за ўсіх той, хто "хто глядзіць на сітуацыю, думае аб народзе, мае мужнасць падняць белы сцяг і весці перамовы".

На гэтую цытату з інтэрв’ю швейцарскай тэлерадыёкампаніі RSI адрэагаваў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба. І зрабіў гэта даволі рэзка:

“Што да белага сцяга, то гэтую ватыканскую стратэгію мы ведаем з гісторыі першай паловы ХХ стагоддзя. Заклікаю не паўтараць гістарычных памылак і паслядоўна падтрымліваць Украіну і яе народ у сумленнай барацьбе за ўласнае жыццё. Наш сцяг сіне-жоўты. Пад ім мы жывём, паміраем і перамагаем. Іншых сцягоў мы не ўздымаем”.

Сказаў сваё слова і Зяленскі. Ватыкан адрэагаваў на вялікі рэзананс, які выклікалі словы Папы. Прэс-служба распаўсюдзіла тлумачэнне да выказвання пантыфіка.

"Папа прымае вобраз белага сцяга, прапанаваны інтэрв'юерам, каб пазначыць спыненне ваенных дзеянняў, перамір'е, дасягнутае дзякуючы мужнасці перамоў. Ён хоча дыпламатычнага рашэння для дасягнення справядлівага і трывалага міру", — цытуе прэс-службу Vatican News.

Таксама Ватыкан нагадаў, што ў ранейшых сваіх выказваннях Папа падкрэсліваў, што перамовы — ніколі не капітуляцыя. 

Гаіці кантралююць узброеныя бандыты — #ІхНоравы
Папа Францішак / REUTERS

У тым скандальным інтэрв’ю ён сказаў наступнае: “Я лічу, што мацнейшы той, хто бачыць сітуацыю, хто думае пра народ, хто мае мужнасць паказаць белы сцяг, весці перамовы. І сёння вы можаце весці перамовы з дапамогай міжнародных дзяржаў. Слова "перамовы” — гэта смелае слова. Калі вы бачыце, што цярпіце паразу, што справы ідуць нядобра, вы павінны мець мужнасць весці перамовы. Вам сорамна, але колькімі смерцямі гэта скончыцца? Вядзіце перамовы своечасова, шукайце якую-небудзь краіну-пасярэдніка. Сёння, напрыклад, у вайне ва Украіне ёсць шмат ахвочых выступіць пасярэднікамі. Турцыя прапанавала сябе для гэтага. І іншыя. Не саромейцеся весці перамовы, пакуль сітуацыя не пагоршылася".

У мусульман пачаўся Рамадан, і Ізраіль чакае абвастрэння канфлікту ў Газе

У панядзелак 11-га пачаўся вельмі важны для мусульман перыяд — месяц посту і асаблівых малітваў і абрадаў Рамадан. Згодна з канонам, у гэты месяц людзям быў спасланы Каран.

Ізраільцяне і палестынцы не здолелі дамовіцца аб перамір’і да пачатку святога месяца. Хоць нядаўна гэта яшчэ падавалася магчымым, калі Ізраіль і ХАМАС праз пасярэднікаў у Каіры размаўлялі пра абмен закладнікаў і паўзу ў баявых дзеяннях. У выніку ніякіх пагадненняў падпісана не было.

І Ізраіль рыхтуецца да напружанага месяца. ХАМАС заклікае мусульман пратэставаць ва ўсім свеце ў падтрымку Палестыны, ізраільскія ўлады ўзмацняюць меры бяспекі ў Іерусаліме.

Гаіці кантралююць узброеныя бандыты — #ІхНоравы
Малітва на Рамадан у мінулым годзе ў мячэці Аль-Акса ў Іерусаліме / Jamal Awad/Flash90

Там знаходзіцца мячэць Аль-Акса, трэцяе паводле важнасці месца для мусульман пасля Мекі і Медыны. Там менавіта ў Рамадан праводзяцца спецыяльныя абрады і малітвы. Побач, у Старым горадзе Іерусаліма, — Заходняя сцяна, дзе моляцца іўдзеі.

Але ўлады Ізраіля паабяцалі, што доступ мусульман у мячэць будзе забяспечаны без усялякіх перашкод. У палестынцаў насамрэч не так шмат варыянтаў, дзе маліцца на Рамадан. За час вайны ў Палестыне і Газе было знішчана і пашкоджана больш за 1000 мячэцяў.

На Гаіці ўладу захопліваюць ўзброеныя банды

Ваенізаваны канфлікт разгараецца на Гаіці — у адной з самых бедных і нестабільных дзяржаў свету ў Карыбскім басейне. Тут у выніку паўстання ўзброеных груповак супраць выканаўцы абавязкаў прэм'ер-міністра краіны Арыэля Анры ў аблогу трапіла сталіца Порт-о-Прэнс.

ЗША эвакуявалі сваіх дыпламатаў ноччу на верталётах. The Guardian піша, што Амерыка хоча адправіць на Гаіці сваіх марпехаў, каб супрацьстаяць бандытызму і ахоўваць амбасаду.

Паўстанне пачалося яшчэ ў канцы лютага. На мінулым тыдні банды захапілі турмы і вызвалілі каля 4 тысяч зняволеных, у тым ліку тых, што мелі дачыненне да забойства гаіцянскага прэзідэнта Жавенеля Маіса ў 2021 годзе.

“Небяспека расце на нацыянальным узроўні: гвалт у Артыбаніце, блокпасты на дарогах у Кап-Аіцьене і недахоп паліва на поўдні. Людзі, якія жывуць у сталіцы, замкнёныя, ім няма куды дзявацца. Людзі, якія ўцякаюць, не могуць знайсці прыстанішча ў іншых частках краіны. Сталіца акружаная бандамі. Гэты горад у аблозе”, — адзначае прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі па міграцыі Філіп Бранша.

Банды патрабуюць адстаўкі выканаўцы абавязкаў прэм'ер-міністра Гаіці Арыэля Анры. Ён не вярнуўся з камандзіроўкі ў Кенію, дзе ўзгадняў выкарыстанне замежнага кантынгенту для барацьбы з бандамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі