Галоўнаму трэнеру ФК "Смаргонь" Рындзюку пагражае пяць гадоў зняволення за хабар
У суд Цэнтральнага раёна Мінска паступіла крымінальная справа галоўнага трэнера футбольнага клуба "Смаргонь" Мікалая Рындзюка. Яго вінавацяць у даванні хабару цяпер ужо былому дырэктару дэпартамента судзейства і інспектавання федэрацыі футбола Андрэю Жукаву. Пра гэта агенцтву БелаПАН распавяла памочніца старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян.
За атрыманне хабару і перавышэнне ўлады суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў Жукава 5 студзеня на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пяцігадовай забаронай займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў. Таксама яго аштрафавалі на 500 базавых велічыняў. Жукаў абскардзіў прысуд.
Вядомы ў мінулым футбаліст Рындзюк праходзіў сведкам па справе Жукава. Свае сведчанні ён даваў у судзе 3 лістапада 2016 года. Менавіта пасля таго, як Рындзюк перадаў Жукаву 100 еўра ў яго службовым кабінеце 7 чэрвеня 2016 года, праваахоўнікі затрымалі спартовага чыноўніка.
На судзе Рындзюк распавёў, што ФК "Смаргонь" у траўні 2016-га трапіў у паласу няўдач. Перад матчам з гомельскай камандай Рындзюк папрасіў Жукава прызначыць суддзёй свайго прыяцеля Андрэя Сароку. Прызначэнне адбылося, "Смаргонь" выйграла, прэтэнзій да судзейства ні ў кога не было.
Праз тыдзень Рындзюк прывёз у Мінск і перадаў Жукаву 100 еўра. У судзе трэнер паведаміў, што грошы ён прынёс з уласнай ініцыятывы. Па словах Рындзюка, Жукаў адмаўляўся ад грошай. Пасля перадачы грошай былі затрыманыя і Жукаў, і Рындзюк. Пасля гэтага трэнер "Смаргоні" напісаў заяву ў міліцыю аб даванні хабару.