Галоўны рэжысёр Опернага Міхаіл Панджавідзэ звольнены
Галоўнага рэжысёра Опернага тэатра Міхаіла Панджавідзэ звольнілі з пасады. Афіцыйная прычына — прагулы з аўторка па пятніцу, піша "Наша Ніва".
Рэжысёр абураны: па яго словах, ён дамаўляўся з дырэктарам тэатра.
"З дырэктарам тэатра Аляксандрам Пятровічам у нас была вусная дамова. Я працую з дому. Зараз я працую толькі над адной пастаноўкай, операй "Набука", таму з дому мне працаваць прасцей, тут больш магутны камп'ютар, чым у тэатры. І вось сёння мне тэлефануюць. "А вы дзе?" — пытаюцца. Я здзівіўся: "Як дзе, дома?". Тады ў мяне папрасілі дакумент, які пацвердзіць, што ёсць прычына, па якой я адсутнічаю на працы. Я сказаў, што бальнічнага ў мяне няма, на што мне адказалі, што ў такім выпадку афармляюць мне прагулы і звальняюць за гэта", — кажа Панджавідзэ.
Па словах рэжысёра, яго таксама пазбавілі прэміі ды не заплацілі адпускныя.
Панджавідзэ ўпэўнены, што цкаваць яго пачалі яшчэ год таму, пасля скандальнай пастаноўкі "Саламея". Тады ў яго здарыўся канфлікт з тагачасным кіраўніком тэатра Валянцінам Елізар'евым, які быў і супраць "Саламеі", і супраць "Набука". Рэжысёр мянкуе, што цяпер паставіць "Набука" яму не дадуць. На яго думку, цяпер у тэатры будуць ісці толькі балеты ў пастаноўцы Елізар'ева.
"Ён за іх атрымоўвае шалёныя грошы. Акрамя афіцыйнага заробку мастацкага кіраўніка тэатра, які 4000 рублёў, Елізар'еў за кожную пастаноўку атрымоўвае 11% аўтарскіх ад кожнага паказу. А ў дзень у тэатры ідуць па два спектаклі. Гэта шалёныя грошы", — каментуе Панджавідзэ.
Вяртацца ў Расію рэжысёр не хоча: "Я за незалежную Беларусь! Беларусь заслужыла сваю незалежнасць крывёю. Мая малодшая дачка нарадзілася тут, яна размаўляе па-беларуску. Проста мне больш няма месца ў Беларусі. Ну куды ісці? У які тэатр? З папоў у дыяканы не ідуць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.