Галоўныя палітычныя вынікі 2016 года
Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў і старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў у студыі Еўрарадыё падвялі палітычныя вынікі 2016 года, а таксама назвалі самыя важныя на іх думку падзеі. Ніжэй запісы размоваў з экспертамі, а таксама выбраныя цытаты з іх.
Андрэй Ягораў
"У 2016 годзе былі дзве важныя падзеі. Адна адбылася, а іншая ― не. Прыгожыя ў сваім вычварэнстве парламенцкія выбары і адсутнасць эканамічных рэформаў, якія чакаліся".
"Добры знак ― праца каардынацыйнай групы Беларусь―ЕС. Упершыню ў такую групу ўключылі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці".
"Дынаміка адносінаў Беларусі з ЕС і дынаміка адносінаў Беларусі з Расіяй не звязаная наўпрост. Хутчэй, я б сказаў, што еўрапейская карта час ад часу разыгрываецца ў адносінах з Расіяй".
"Мы павінны дэманстраваць лаяльнасць, калі Расія плаціць. Нафта ў абмен на пацалункі. Калі Расія не плаціць, трэба аднаўляць сімвалічную незалежнасць. Арышты аўтараў "Рэгнума" акурат адсюль".
"Што зрабіла апазіцыя ў 2016 годзе? Тут няма чаго сказаць, нічога апазіцыя не зрабіла. Хіба што хуліганствы Дашкевіча".
Дзяніс Мельянцоў
"Галоўныя палітычныя падзеі года? Парламенцкія выбары, зняцце санкцый Еўрасаюза і зацяжны крызіс у адносінах з Расійскай Федэрацыяй".
"Улада не мела патрэбы запускаць апазіцыю ў парламент. Тут згулялі знешнепалітычныя чыннікі. Гэта быў моцны сігнал на Захад. Такое заўжды вельмі добра прадаецца".
"Ад апазіцыйных дэпутатаў чакаць нечага вялікага, можа, і не варта. Што можа ведаць дэпутат? Вось каб апазіцыянер стаў старшынёй КДБ, тады так... Па маіх уражаннях, парламент апазіцыянерак таксама фарматуе".
"Санкцыі былі перашкодай для вядзення дыялогу з ЕС. Цяпер іх няма і дыялог перайшоў на іншы узровень. Адбываецца вельмі шмат важных візітаў".
"Афіцыйны Мінск спрабуе старой палачкай патыкаць у новую Расію. Гэта палохае".