Ганаровай старшынёй аргкамітэта "Чарнобыльскага шляху" будзе Святлана Алексіевіч
Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч стане ганаровым старшынёй аргкамітэта "Чарнобыльскага шляху". Пісьменніца ўжо дала на гэта згоду. Пра гэта праз фэйсбук паведаміў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Як паведамлялася раней, традыцыйная акцыя "Чарнобыльскі шлях" павінна прайсці сёлета ў Мінску 26 красавіка. Заяўку на яе правядзенне арганізатары ўжо занеслі ў Мінгарвыканкам. Яны просяць дазволіць збор удзельнікаў 26 красавіка з 18-й да 19-й каля Нацыянальнай акадэміі навук. Потым плануецца шэсце па вуліцы Сурганава і Арлоўскай да царквы на плошчы Бангалор і мітынг.