"Гавары праўду" выступіла супраць датэрміновых выбараў
Грамадскае аб'яднанне "Гавары праўду" выступіла супраць датэрміновых выбараў, "якія прывядуць да скарачэння тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта і парламента". Рэспубліканскі савет аб'яднання заклікаў кіраўніка Беларусі, Палату прадстаўнікоў і ЦВК не маніпуляваць датай выбараў, гаворыцца ў заяве, змешчанай на сайце арганізацыі.
"Мы выступаем за тое, каб выбары прайшлі толькі пасля поўнага заканчэння тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта і парламента, адведзеных законам", — заяўляюць у "Гавары праўду".
У аб'яднанні лічаць, што ніякіх рэальных прычын для пераносу даты выбараў няма. "Мы лічым, што перанос даты выбараў — гэта спосаб сыходу ад адказнасці перад выбарцамі і спроба пазбегнуць унясення змяненняў, падрыхтаваных сумеснай з АБСЕ працоўнай групай у выбарчае заканадаўства і нарматыўныя дакументы", — гаворыцца ў заяве.
Раней беларускія ўлады заяўлялі пра неабходнасць развесці прэзідэнцкую і парламенцкую выбарчыя кампаніі, якія выпадалі на 2020 год. У сувязі з гэтым адны з выбараў хутчэй за ўсё адбудуцца напрыканцы 2019 года. Пры гэтым не называлася ні дата, ні тое, якія гэта будуць выбары — прэзідэнцкія або парламенцкія.