Гаюн: мінімум 12 "Шахедаў" гэтай ноччу заляцелі ў Беларусь
"Шахед"
Мінімум 12 "Шахедаў" за ноч заляцелі ў Беларусь, піша маніторынгавая група "Беларускі Гаюн". Гэта значыць, што ўжо чацвёртую ноч запар у Беларусь масава залятаюць ударныя дроны. У паветра падымалася дзяжурная авіяцыя Узброеных Сіл.
Два дроны зніклі, адзін даляцеў да Рэчыцы і вярнуўся ва Украіну, зрабіўшы кола больш чым у 200 кіламетраў. Дроны таксама заляталі ў Брагін і Гомель.
Паводле дадзеных "Гаюна", першы заход у паветраную прастору Беларусі быў зафіксаваны ў аўторак вечарам каля 22 гадзін. "Шахед" заляцеў у раён Брагіна і вярнуўся на Чарнігаўшчыну. Заходы дронаў у паветраную прастору Беларусі працягваліся ўсю ноч, апошні дрон над нашай краінай быў зафіксаваны каля 8 гадзін раніцы.
Паветраныя сілы УСУ кажуць, што не менш за 2 дроны былі страчаныя — яны выйшлі з паветранай прасторы Украіны ў кірунку Беларусі і Расіі.
У апошнія месяцы Расія ўзмацніла ўдары беспілотнікамі па тэрыторыі Украіны. Толькі за кастрычнік па краіне было выпушчана больш за 2 тысячы "Шахедаў". Гэта больш, чым за любы іншы месяц вайны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.