Гендырэктар “Мінск-Арэны” гатовы прабачыцца перад Уладзімірам Навіцкім

А сам каментатар кажа, што гісторыя мае працяг, і да канца тыдня “будуць расстаўленыя акцэнты”. Уладзімір Навіцкі паскардзіўся ў НАК на публічную абразу. У сваім лісце вядомы спартовы каментатар згадвае непрыгожыя словы і выразы, якія пачуў ад гендырэктара “Мінск-Арэны” Мікалая Ананьева:

Фрагмент ліста Ўладзіміра Навіцкага

Чыноўнік раззлаваўся на журналіста за каментар, які прагучаў падчас матчу Кантынентальнай хакейнай лігі “Дынама” – “Сібір”. “На жаль, сёння пры канцы трэніроўкі дынамаўцаў на арэне згасла святло. Хвілінаў 15-20 не здолелі праз гэта патрэніравацца навічкі каманды і траўмаваныя гульцы. Яшчэ адна нестыкоўка ва ўзаемаадносінах хакейнага клуба “Дынама” і “Мінск-Арэны”.

“Гэтая інфармацыя несапраўдная, – абураецца Мікалай Ананьеў. – Здаецца (але напэўна я сказаць не магу), яе спачатку адзін з журналістаў напісаў, а пасля спраўдзіў прэс-аташэ мінскага “Дынама”. Мы ў гэтай сітуацыі абсалютна спакойныя і чакаем прабачэнняў ад таго, хто распаўсюдзіў несапраўдную інфармацыю. Святло не адключалася і было нават некалькі хвілін пасля [трэніроўкі]. Яно было ўключанае на 2 хвіліны раней і выключанае на 3 хвіліны пазней”.

Святло ў “Мінск-Арэне” – рэч нятанная. Яно запальваецца і адключаецца згодна з графікам, які складаецца паводле заявак. Такія заяўкі рыхтуе і мінскае “Дынама”.

“У нашай сістэме асвятлення выкарыстоўваюцца лямпы Philips, якія маюць так званы мотарэсурс. Калі яна адпрацуе, напрыклад, 150 гадзінаў – яе трэба мяняць, бо яна робіцца выбухова небяспечнай. Нават нягледзячы на тое, што яна яшчэ працуе, — патлумачыў Мікалай Ананьеў. — Таму ідзе маніторынг кожнай асвятляльнай прылады. І кожная хвіліна… А часам тут нехта дазваляе сабе раскошу і па паўгадзіны трымаць… Не дазваляе, але дазваляў бы… Гэта былі б значныя страты дзяржаўных грошай”.

Плюс бясконцыя кілаваты. Мікалай Ананьеў настойвае, што гаспадарліва ставіцца да дзяржаўнай маёмасці мусяць не толькі ў “Мінск-Арэне”, але і з іншага боку. Таму каментар Навіцкага чыноўніка пакрыўдзіў.

Дык што ж адбылося ў “Мінск-Арэне” увечары 30 лістапада? Вось поўная версія Ўладзіміра Навіцкага:

Ліст Уладзіміра Навіцкага

Паслухаем іншы бок:

“З мяне зараз робяць монстра, – сказаў Мікалай Ананьеў. – А сітуацыя зусім іншая! Я запытаўся ў яго, калі ён выпадкова трапіўся… Прыехаў віцэ-прэм’ер і пытаецца, што ў вас адбылося? Я кажу, што першы раз чую. Пачалі высвятляць – ніхто нічога не ведае. І тут едзе Навіцкі ў ліфце. Я пытаюся ў яго: “Адкуль інфармацыя?” А ён адказвае: “Я вам пасля распавяду”. Што “пасля”, калі мне зараз трэба віцэ-прэм’еру дакладаць?”

Сам Уладзімір Навіцкі ад каментароў пакуль стрымліваецца: “Давайце возьмем невялікую паўзу, бо гэтая гісторыя мае працяг, і я маю надзею, што да канца гэтага тыдня будуць расстаўленыя акцэнты”.

Па словах каментатара, адным са сведкаў абразы быў кіраўнік прэс-службы мінскага “Дынама” Іван Караічаў. Аднак спраўдзіць, ці сапраўды гендырэктар “Мінск-Арэны” ужыў нецэнзурную лексіку, Караічаў адмовіўся:

“Я гэтую сітуацыю ніяк не каментую. Каментары могуць быць у судовай залі, але не для прэсы”, — сказаў ён. І дадаў, што адносіны паміж клубам і арэнай “працоўныя”.

Уладзімір Навіцкі сапраўды збіраецца звярнуцца ў суд. “Нехта скажа: “Аблаяў, ну і што? У іншых краінах журналістаў за праўду забіваюць”. Але мы-та жывем не ў іншых”, — так каментатар скончыў свой ліст.

У адказ на гэта Мікалай Ананьеў згадаў, што ў свой час ужо судзіўся з журналістам і выйграў справу.

“Можа, і Навіцкі чакае маіх прабачэнняў. І я гатовы прынесці яму гэтыя прабачэнні за рэзкае выказванне. Але мы мусім ведаць, хто прабачыцца перад працоўным калектывам “Мінск-Арэны”, які я ўзначальваю?” — сказаў ён.

Пакуль ідзе разбіральніцтва, спадзявацца на больш канкрэтныя каментары не выпадае. Але наўрад ці сітуацыя зменіць што-небудзь у адносінах арэны і клуба, які пакуль час ад часу адпраўляюць гуляць у Бабруйск.

На фота: Уладзімір Навіцкі.
Фота: GOALS.BY.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі