Гендырэктар МТЗ напісаў Лукашэнку, што працы перашкаджаюць сілавікі
У сераду, 23 верасня, на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі разглядалася нечаканае пытанне — ліст генеральнага дырэктара Мінскага трактарнага завода Фёдара Дамаценкі (на здымку). Кіраўнік дзяржавы атрымаў яго ўчора позна ўвечары. На нарадзе Лукашэнка нагадаў прысутным сілавікам, што Дамаценку ён накіраваў на МТЗ, як свайго памочніка, наводзіць "рэвалюцыйны парадак".
Лукашэнка: "Я запрасіў сюды сілавікоў для таго, каб разабрацца, у чым супрацьдзеянне (гэта дакладная цытата, пра што піша мне Фёдар Дамаценка) рабоце МТЗ з боку пракурораў, МУС, КДБ, Анфімава (кіраўніка Дзяржкантролю — Еўрарадыё), у чым выяўляецца гэтае супрацьдзеянне. І калі так, я гэта гавару публічна, яны за гэта адкажуць".
Аляксандр Лукашэнка прызнае, што такая праблема існуе, кантралёры і праваахоўныя органы ледзь не перашкаджаюць працы рэальнага сектару эканомікі. "Так у краіне не можа быць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. І падкрэсліў, што інакш гэта будзе лічыцца карупцыяй і сабатажам.
Лукашэнка сказаў, што хоча разабрацца ў гэтым пытанні, ці сапраўды ўсё так, як піша гендырэктар. Тым не менш, ён адразу ж папярэдзіў сілавікоў і кантралёраў, каб яны "не перашкаджалі працаваць насуперак інтарэсам дзяржавы". Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў прысутных, ці ведаюць яны, колькі апошнім часам трапіла за краты супрацоўнікаў праваахоўных органаў (у тым ліку і аператыўнікаў КДБ), пракурораў і суддзяў.
Фота: belarus-tractor.com