Генерал Залужны напісаў першую кнігу трылогіі — "Мая вайна"
Уладзімір Зяленскі і Валерый Залужны ў Лондане ў кастрычніку 2024-га
Генерал Валерый Залужны напісаў першую кнігу трылогіі — "Мая вайна". Далей чакаюцца кнігі "Наша вайна" і "Іх вайна", паведамляе babel.ua са спасылкай на свае крыніцы.
Былы галоўнакамандубчы Узброенымі сіламі Украіны, а цяпер амбасадар у Вялікабрытаніі ў першай кнізе мемуараў распавёў пра сваё жыццё з дзяцінства да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года. Сцвярджаецца, што яна ўжо скончаная і хутка з'явіцца ў продажы (але дзе яе плануюць выдаць і на якіх мовах, невядома). А тым часам Залужны працуе над другой кнігай. Праўда, сам генерал пра напісанне мемуараў нічога не казаў.
Валерыю Залужнаму 51 год. Ён быў галоўнакамандуючым УСУ ў 2021-2024 гадах. Залужнага адправілі ў адстаўку ў лютым у той час, калі ў яго быў вельмі высокі рэйтынг ва Украіне. Амбасадарам у Вялікабрытаніі прызначаны ў траўні 2024-га.
Згаданыя крыніцы выдання сцвярджаюць, што Валерый Залужны па-ранейшаму не збіраецца ў палітыку, плануе засяродзіцца на дыпламатычнай працы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.