Генпракуратура не знайшла правапарушэння ў словах міністра ўнутраных спраў
Генпракуратура не знайшла ніякіх парушэнняў у выказваннях міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Пра гэта гаворыцца ў адказе на зварот, які дасылалі праваабаронцы.
нагодай для звароту сталі выказванні Шуневіча ў адрас ЛГБТК-супольнасці падчас інтэрв'ю тэлеканалу АНТ. У гэтым інтэрв'ю кіраўнік МУС назваў прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў "дзіравымі" — зневажальным тэрмінам, які выкарыстоўваецца ў турэмным слэнгу.
Адказ Генпракуратуры падпісала начальніца аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзян Марына Папова. Па яе словах, вывучэнне інтэрв'ю выявіла, што міністр выказаў "асабістае меркаванне па некаторых пытаннях”.
"У дадзеным артыкуле не выкарыстоўваюцца словы, фразы і словазлучэнні, ужыванне якіх дазволіла б сцвярджаць аб наяўнасці ў іх складу якога-небудзь правапарушэння або крымінальна пакаральнага дзеяння", — гаворыцца ў афіцыйным адказе, які цытуецца на праваабарончым сайце "Вясна".
Генпракуратура мяркуе, што падставаў для ўжывання мер пракурорскага рэагавання няма.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што “асабістае меркаванне”, выказанае міністрам Шуневічам публічна, з’яўляецца чыстым падбухторваннем да дыскрымінацыі пэўнай сацыяльнай групы. "Неверагодна, што гэта мы чуем з вуснаў міністра. Нават у калоніі, калі я там сядзеў, я ніколі не чуў падобных думак з боку супрацоўнікаў. Нават там яны разумеюць, што такі слэнг і такія выказванні недапушчальныя. Міністр унутраных спраў краіны загаварыў на турэмным жаргоне і пачаў выдаваць перлы, як стары зэк!" — абураецца праваабаронца.