Гэта быў спецзаказ рускага консульства на гурт — Лёва Бі-2

Шура і Лёва Бі-2

Шура і Лёва Бі-2 / facebook.com/alena.amiton

Праблемы гурта "Бі-2" у Тайландзе былі выкліканыя "спецыяльным заказам рускага консульства на гурт". Пра гэта заявіў у аэрапорце Тэль-Авіва Ягор Бортнік (Лёва Бі-2). Ён паляцеў першым яшчэ 30 студзеня, а ўчора сустракаў у аэрапорце калегаў — астатніх удзельнікаў гурта. Іх шасцёра.

Бортнік яшчэ раз паўтарыў, што не мае намеру больш жыць у Расіі. Музыкі падзякавалі ізраільскім і аўстралійскім дыпламатам за дапамогу, а родным і прыхільнікам — за падтрымку.

Арганізатар канцэртаў "Бі-2" Максім Волкаў расказаў РБК, што артыстаў утрымлівалі з небесстароннасцю. "Так, гэта стандартная працэдура, але ў гэтай стандартнай працэдуры ёсць нюансы", — адзначыў ён. Паводле Волкава, затрыманых за такія парушэнні могуць змясціць у закрытую камеру, могуць — у адкрытую, могуць — у камеру, дзе 80 чалавек, а могуць — дзе 10.

"Мы ўсюды чулі, што тэлефануюць з расійскага консульства і цікавяцца справай з гледзішча кантролю, а не з гледзішча неяк [паспрабаваць яе] завяршыць", — расказаў Волкаў. Ён таксама адзначыў, што кіраўніцтва Тайланда спачатку не было ў курсе сітуацыі, але пасля агалоскі "вырашыла праблему, бо відавочна, што тут няма гэтага маштабу парушэння".

Нагадаем, на мінулым тыдні іміграцыйная служба Тайланда затрымала ўдзельнікаў "Бі-2" пасля канцэрту на Пхукеце. У расійскім генконсульстве заявілі, што нагодай зрабілася "праверка законнасці падстаў для ажыццяўлення канцэртнай дзейнасці". Музыкі казалі, што арганізатар мерапрыемства ў Тайландзе няправільна аформіў дакументы. Арганізатар, кампанія VPI Event, пацвердзіла, што візы для ўдзельнікаў гурта былі аформленыя некарэктна, і гэта "прывяло да парушэння міграцыйнага заканадаўства Тайланда".

У панядзелак з'явілася інфармацыя, што Ізраіль гатовы прыняць усіх музыкаў. Потым у сацсетках гурта з'явілася абвяржэнне, паведамлялася, што пасля ўмяшання расійскіх дыпламатаў пастанова аб дэпартацыі ў Ізраіль была скасаваная. Тым не менш у панядзелак у Тэль-Авіў вылецеў Лёва Бі-2, а ўчора — і астатнія музыкі. У Лёвы і Шуры (Аляксандра Умана) Бі-2 няма расійскага грамадзянства. Яны нарадзіліся ў Беларусі, тут жа заснавалі гурт, які пазней зрабіўся папулярным у Расіі. У Бортніка ёсць пашпарт грамадзяніна Ізраіля, у Умана — грамадзяніна Аўстраліі. Музыкі неаднаразова выступалі супраць вайны Расіі ва Украіне. Бортнік за свае выказванні прызнаны ў Расіі "замежным агентам".

Это был спецзаказ русского консульства на группу — Лева Би-2
Музыкі "Бі-2" у аэрапорце Тэль-Авіва / facebook.com/alena.amiton

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі