"Гэта пачатак канца": што думаюць пра таемную інаўгурацыю беларускія палітыкі

Інаўгурацыя Лукашэнкі / РІА
Інаўгурацыя Лукашэнкі / РІА

23 верасня ў Палацы Незалежнасці ў Мінску употай ад беларусаў прайшла інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Аб правядзенні ўрачыстасці загадзя не паведамлялася — аб ёй не ведалі нават некаторыя запрошаныя туды госці!

На мерапрыемстве прысутнічалі некалькі сотняў прыхільнікаў Лукашэнкі — сілавікі, журналісты дзяржаўных СМІ, чыноўнікі і артысты. Упершыню на цырымонію не запрасілі дыпламатаў.

Пра што кажа такая "таемная інаўгурацыя"? Еўрарадыё пацікавілася ў вядомых беларускіх палітыкаў.

“Страх, слабасць, няўпэўненасць”

“Это начало конца”: что думают про тайную инаугурацию белорусские политики
Аляксандр Мілінкевіч / Еўрарадыё

Аляксандр Мілінкевіч, былы кандыдат у прэзідэнты:

— Некаторыя сябры рэагуюць на гэта са слязамі на вачах, а я шчаслівы. Гэта паказвае поўную агонію ўлады. Зразумела, што яна ўсё больш баіцца — дык і ёсць чаго. Вядома, ён не аддасць уладу, будзе да канца, але такая інаўгурацыя — гэта страх, слабасць, няўпэўненасць у сабе. Нават дыпламатаў не запрасіць — гэта ж жалезная традыцыя!

Гэта ўсё — пачатак канца. Лепш было б адцягваць інаўгурацыю, чым правесці яе вось так. Памятаю, як у 2006 годзе Лукашэнка быў у нядобрай пазіцыі пасля "плошчы", якую зладзіла беларуская моладзь, і доўга не праводзіў інаўгурацыю. Адгарадзіўся на плошчы, запрасіў толькі сваіх, але гэта хоць неяк публічна выглядала.

Народ справядліва абураны. Пратэсты — лепшы адказ. Я разумею, што прыходзіць некаторая стомленасць, калі людзі не бачаць выніку, але ён не можа быць адразу. Тая падтрымка з-за мяжы, якая адчуваецца цяпер, — такога не было ніколі.

“Прэзідэнт выключна для АМАПа і жменькі чыноўнікаў”

“Это начало конца”: что думают про тайную инаугурацию белорусские политики
Павел Латушка / Еўрарадыё

Павел Латушка, былы дыпламат і кіраўнік Купалаўскага тэатра, член Каардынацыйнага савета, пракаментаваў інаўгурацыю ў сваім телеграм-канале:

— Сёння мы сталі сведкамі беспрэцэдэнтнай сітуацыі. Адыходзячы прэзідэнт, які сцвярджае, што набраў больш за 80 працэнтаў галасоў на выбарах, правёў спецаперацыю па сваёй самаінагурацыі. Пад аховай АМАП, у абстаноўцы таямніцы і сакрэтнасці, у вузкім коле спешна звезеных чыноўнікаў. Дзе радасныя грамадзяне? Дзе дыпламатычны корпус? Шчыра кажучы, гэта больш нагадвае зладзейскую сходку для каранацыі чарговага злодзея ў законе. Відавочна, што Аляксандр

Лукашэнка прэзідэнт выключна АМАПа і жменькі чыноўнікаў.

У яго быў шанц сысці... Але ўсё ж сінія пальцы зрабілі сваю чорную справу. Д'ябальская прага ўлады і паранаідальны страх прымусілі яго ў чарговы раз парушыць Закон. З сённяшняга дня ён больш не прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Ён проста кіраўнік АМАПа, які без знакаў адрознення арудуе на вуліцах Беларусі, і купкі бюракратаў.

Для нас жа, грамадзян Беларусі, для сусветнай супольнасці ён цяпер ніхто. Прыкрая памылка гісторыі і ганьба цывілізаванага свету. Мы ніколі не пагодзімся з фальсіфікацыяй і патрабуем новых выбараў! Заклікаем усіх пачаць бестэрміновую акцыю непадпарадкавання!

“Прыхільнікаў у яго засталося вельмі мала”

“Это начало конца”: что думают про тайную инаугурацию белорусские политики
Станіслаў Шушкевіч / Еўрарадыё

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі:

— Лукашэнка можа зладзіць любы цырк, каб спрабаваць схаваць свае фальсіфікацыі. Але відавочна, што ён праваліўся на выбарах. Ён будзе і далей збіраць сходы сваіх прыхільнікаў, якіх у яго засталося вельмі мала... Але тут і каментаваць няма чаго.

Аднак Лукашэнка адчувае падтрымку Расіі. Ёсць грошы, за якія можна аплачваць заробкі сілавікам. Пратэсты будуць. Але пры той колькасці сілавікоў, якія ёсць у Лукашэнкі зараз, будзе вельмі цяжка нешта зрабіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі