Гістарычны будынак, які абрынуўся ў Мінску, адновяць вінаватыя ў аварыі
У гістарычным будынку ў цэнтры Мінска, па вуліцы Рэвалюцыйная, 6 абвалілася сцяна. Аварыя адбылася падчас рэканструкцыі дома, якому ўжо больш за 165 гадоў.
Пры будаўнічых работах па ўзмацненні сцен і падмурка абвалілася частка фасаднай сцяны над аркай і дзвярным праёмам на плошчы 15 квадратных метраў, паведамляюць ратавальнікі.
Сёлета на аб'екце ідуць працы па рэканструкцыі з рэстаўрацыяй. Міністэрства культуры ўжо штрафавала прыватную фірму, якая выступае замоўшчыкам працаў, бо будынак быў у нездавальняючым стане.
"Уласнік ужо сплаціў штраф, бо будынак быў у нездавальняючым санітарным стане. Працы там толькі пачаліся", ― распавядае чыноўнік ведамства.
Цяпер ідзе праверка, хто вінаваты ў абрушэнні сцяны ў гістарычным помніку. Менавіта вінаватыя мусяць аднавіць будынак за свае сродкі, а калі рэстаўрацыя праводзілася з парушэннямі, то магчымыя і санкцыі ў дачыненні да уласнікаў.
"Вінаватыя будуць усё выпраўляць за свой кошт. Калі яшчэ не атрымаюць штрафныя санкцыі за парушэнне парадку правядзення прац", ― тлумачаць у Міністэрстве культуры.
У ведамстве пакуль чакаюць заключэння камісіі, якая паведаміць, хто вінаваты ў здарэнні.
"Гэты будынак ― гісторыка-культурная каштоўнасць без катэгорый у складзе гістарычнага цэнтра. Калі ён мае такую каштоўнасць, то на яго распаўсюджваецца закон аб ахове помнікаў", ― тлумачыць старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.
Гэта не першы помнік ў сталіцы, які руйнуецца прыватнымі кампаніямі. Напрыклад, можна ўзгадаць будынак першай мінскай электрастанцыі, які зруйнавалі пры ўзвядзенні гасцініцы пад кодавай назвай "Кемпінскі", і так і не аднавілі.
Як змяніўся “Кемпінскі” за 3 гады і якія парушэнні былі падчас будаўніцтва
Лукашэнка працягнуў тэрмін здачы гатэля да канца 2015 года. Еўрарадыё прыгадвае цікавыя факты, звязаныя з недарэчным гмахам у цэнтры Мінска.
Фота: mchs.gov.by