Глобус насіў жонку на руках і ўпаў, а Някляеў сваё каханне “засакрэціў”

У Дзень Святога Валянціна Еўрарадыё даведалася гісторыі знаёмства вядомых беларусаў са сваімі "палавінкамі".

Віталь Артыст пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, спявачкай, аўтарам песень і кліпаў гурта “Без Білета” Таняй Кушнер на пачатку 2000-х. А звязала маладых людзей англійская мова!

“Я была перакладчыкам, і ён папрасіў мяне перакласці на англійскую песню “Stop business”. У яго адна палова песні была, а другой не мог прыдумаць, — узгадвае Таня. — Гэта была першая нагода зразумець, што нам цікава разам займацца англійскай. Потым ён папрасіў мяне стаць яго рэпетытарам і стаў адным з маіх лепшых вучняў. Прычым, я займалася з ім бясплатна, бо нам было цікава разам. Мы празаймаліся месяцы тры, сталі сустракацца і закінулі ўсю англійскую. Ён дагэтуль мяне просіць — 10 гадоў! — працягнуць заняткі”.

Неўзабаве пасля таго, як Таня з Віталем сталі сустракацца, дзяўчына з’ехала на ўсё лета ў Бельгію. Усе стасункі адбываліся праз тэлефон, што ў выніку вылілася для “безбілетніка” ў рахунак на 1000 долараў. Таму было вырашана сустрэцца на нейтральнай тэрыторыі, якой стаў Парыж. Па Парыжы закаханыя прагулялі ўсю ноч, а на наступны дзень Віталь з адным еўра ў кішэні паехаў у Мінск.

Дарэчы, за штампам у пашпарце маладыя пайшлі праз год. У джынсах і без заручальных пярсцёнкаў. На адваротным шляху пхалі ўласнае аўто, якое зламалася па дарозе. А вось вяселля не гулялі. Таму, кажа Таня, яны чакаюць добрага моманту, каб усё ж зладзіць сапраўднае вяселле.

Паэт і драматург Адам Глобус сустрэў сваю жонку Алену на... танцах.

"Хрэстаматыйна: прыйшоў вечарам на танцы ў свой тэатральна-мастацкі інстытут і убачыў, што нехта на мой мальберт кінуў маё паліто і капялюш, — распавядае Адам. — Я спытаў, хто гэта зрабіў. А мне адказалі: "А, тут адна прыйшла і зрабіла такі нацюрморт". Ну, і спачатку мы пасварыліся, потым доўга танцавалі, потым я яе нёс на руках і паваліўся".

Адам з жонкай Аленай і дачкой Ядзвігай

Адам кажа, што носіць жонку, з якой пабраўся шлюбам праз паўгода пасля знаёмства, на руках і дагэтуль. Кветкі паэт дарыць каханай не любіць. Затое песціць жонку вандроўкамі ў Барселону, машынай, брыльянтамі і падарункамі ў выглядзе загараднага дома.

Грамадзянскі муж спявачкі Веранікі Кругловай, акцёр і прадзюсар Валерый Канішчаў з’яўляецца не толькі бацькам яе дачушкі Ё-Ё, але і ініцыятарам стварэння Kriwi:

“Я і мой муж Дзіма Вайцюшкевіч прыйшлі да Валеры перадаць яму касету “Палаца”, дзе на той момант працавалі. Гэта быў 1996 год. Валера запытаў, ці спяваю я. І на станоўчы адказ папрасіў гэта паслухаць. Я паставіла “Коціка” — гэта была адзіная песня з маім вакалам. А ён кажа: “А вы можаце зрабіць шмат такіх песень, на паўтары гадзіны?” А мы запыталі навошта. А ён кажа: “Хачу зрабіць ваш канцэрт 8 сакавіка ў Берліне”. А гэта быў снежань. І мы паспелі. І вось так узніклі Kriwi”.

З надыходам міленіуму, кажа Вераніка, распалася вельмі шмат пар. Тое самае адбылося з іх шлюбам з Вайцюшкевічам. Разышоўся са сваёй жонкай і Канішчаў. Спачатку Вераніка з Валерам ратавалі адзін аднаго ад адзіноцтва. У выніку сяброўства вылілася ў каханне і нараджэнне дачкі.

Лідар кампаніі “Гавары праўду”, паэт Уладзімір Някляеў гісторыю знаёмства з жонкай Вольгай трымае ў сакрэце:

“Гэта таямнічая гісторыя, гэта сакральная гісторыя, гэта фантастычная гісторыя, і я не магу яе распавесці на ўвесь свет, бо ў такім выпадку флёр таямнічасці можа сысці з гэтай гісторыі… А пасля ўжо былі сустрэчы не такія казачныя, больш у рэальнасці. Дзяўчынка апынулася ў рэдакцыі часопіса “Крыніца”, у якім я ў той час працаваў, і аказалася ў звычайным жыцці такой, якой прымроілася мне ў час гэтай чароўнай першай сустрэчы”.

Уладзімір называе Вольгу святам за яе здольнасць завіхацца і ствараць вакол сябе святочную і добразычлівую атмасферу. І захапляецца мужнасцю і вернасцю жонкі ў сумна вядомыя часы, калі Уладзімір апынуўся за кратамі.

Спявачка Руся выбрала сабе мужа па розуму: Русі тэрмінова была патрэбная кансультацыя па некаторых пытаннях для тэстаў у ва ўніверсітэце, і на яе аб’яву адгукнуўся нехта Юрый. Кансультацыя адбылася ў “нерамантычным зусім месцы” — кавярні насупраць універсама “Цэнтральны”.

“Мы заселі там піць гарбату, размаўлялі пра гэтыя тэсты, — распавядае Руся. — Сустрэлі там жа Халезіна з Калядой. І Наталля глянула на Юру і так па-жаночы ацаніла: маўляў, ммм, нармальны, прыгожы хлопец! І мы з Юрам прасядзелі больш, чым планавалі — абмяркоўвалі ўлюбёныя кнігі, філосафаў, цікавыя гуманітарныя рэчы. І адразу пачалі сябраваць. І сябруем ужо… дакладна! У нас сёлета будзе ўжо 5 гадоў шлюбу! А адчуванне такое, што толькі мужа сустрэла!”.

Перад тым, як нешта падарыць каханаму мужу, Руся сочыць за яго рэакцыямі на тыя ці іншыя рэчы і спрабуе зразумець, у падарунак у якой галіне Юру можа спатрэбіцца і быць цікавым. А паколькі Юра любіць звышякасныя рэчы, часам, можна і разарыцца, смяецца Руся. Звычайна яна спыняецца на электронных кніжак, плэерах і рэчах, невялікіх, прыемных і патрэбных у жыцці.

Загалоўнае фота: belsat.eu а таксама з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі