Gods Tower больш не будзе выдаваць альбомы
Гомельскія металісты збіраюцца запісваць толькі EP. Першы плануецца ўжо праз месяц. Ён "верне гурт да самых вытокаў".
Гомельскія металісты Gods Tower працуюць над сінглам, які будзе складацца з некалькіх абсалютна новых песень ды дадатковых сюрпрызаў.
“Цяпер такая сітуацыя, што альбомы ўвогуле няма сэнсу выдаваць, — разважае лідар GT Лэслі Найф. — Дыскі цяпер дрэнна рэалізуюцца. Гурт укладвае грошы, а на выхадзе атрымлівае пшык. Таму хутчэй за ўсё мы засяродзімся на вытворчасці сінглаў. Але мне складана сказаць, будуць гэта інтэрнэт-рэлізы ці фізічныя”.
Бліжэйшы EP музыкі плануюць прэзентаваць ужо ў наступным месяцы. Што прада, Gods Tower не могуць рэгулярна рэпетаваць [гітарыст Віталь Абрамовіч жыве ў Мінску. — заўв. Еўрарадыё], таму справа можа зацягнуцца.
Цяпер гурт працуе над цалкам новай песняй, якая, па словах Лэслі Найфа, атрымаецца цягучай, павольнай, своеасаблівай і "верне Gods Tower да самых вытокаў". Апроч некалькіх новых трэкаў, сінгл змесціць і пэўныя сюрпрызы. Але падрабязнасці музыкі вырашылі прытрымаць у сакрэце.