Краязнаўцу і папулярызатара навукі з Гомеля будуць судзіць за пратэсты 2020-га

Дзмітрый Новікаў

Дзмітрый Новікаў / сацсеткі

У Гомелі за пратэсты 2020 года будуць судзіць мясцовага краязнаўцу і папулярызатара навукі Дзмітрыя Новікава.

Яго затрымалі пры канцы кастрычніка 2024 года разам з грамадзянскай жонкай Вікторыяй Разуванавай, піша "Флагшток". Затрыманне адбылося ў Мінску, дзе яны апошнім часам жылі. Прычынай затрымання сталі фатаздымкі з мітынгу 2020 года, знойдзеныя пры даглядзе тэлефона.

Новікава будуць судзіць паводле "народнага" артыкула 342 КК — "дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Статус Вікторыі высвятляецца.

У Гомелі Дзмітрый Новікаў вядомы пад мянушкай Агнявіт як аўтар-выканаўца, папулярызатар навукі, краязнаўца, блогер. Апошнім часам ён займаўся папулярызацыяй археалогіі і палеанталогіі. Пад канец 2024 года перасталі абнаўляцца яго праекты — Telegram-канал "Байкі дзядзечкі Агнявіта", сайт PaleoNews, YouTube-канал з даведнікам па Беларусі.

Як заўважыў "Флагшток", у Тэлеграме з'явіліся некалькі актыўных акаўнтаў, якія выдаюць сябе за кантактную старонку Дзмітрыя Новікава. Верагодна, яны былі створаныя дзеля правакацый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.