Для яфрэйтара, абвінавачанага ў дзедаўшчыне, просяць 2 гады "хатняй хіміі"

Для яфрэйтара, абвінавачанага ў дзедаўшчыне, просяць 2 гады "хатняй хіміі"

У судзе Гомельскага раёна разглядаецца крымінальная справа былога яфрэйтара вайсковай часці №48694 (войскі супрацьпаветранай абароны, СПА). Яго вінавацяць у дзедаўшчыне: яфрэйтар незаконна прымушаў шарагоўцаў адціскацца, прысядаць, стаяць на галаве і выконваць пры гэтым песню "Войскі СПА", піша tut.by.

У судовых спрэчках пракурор адзначыў, што віна абвінавачанага цалкам даказаная. Таму ён папрасіў, каб суд прызначыў хлопцу два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову закрытага тыпу ("хатнюю хімію").

Адвакат запатрабаваў апраўдаць свайго падабароннага. Ён кажа, што паказанні пацярпелых і сведкаў супярэчлівыя і нестабільныя, дакладны час здзяйснення злачынстваў, у якіх вінавацяць падсуднага, не ўсталяваны.

Адвакат звярнуў увагу на тое, што яго падабаронны мае па службе толькі заахвочванні і станоўчыя характарыстыкі, а таксама збіраўся пайсці пасля войска ў міліцыю. 

Пацярпелыя прасілі не караць былога калегу строга. 

Абвяшчэнне прысуду прызначанае на 27 верасня.

Паводле звестак абвінавачання, 22-гадовы яфрэйтар Красільнікаў прыніжаў шарагоўцаў і здзекаваўся з іх. У верасні 2017-га ён незаконна прымушаў іх адціскацца, прысядаць, стаяць на галаве і пры гэтым спяваць песню "Войскі СПА". Пацярпелыя кажуць, што адціскаліся па 40-50 разоў, хто не мог адціскацца — прысядаў. У аднаго з іх пры гэтым пайшла кроў з носа, і яго адпусцілі.

Абвінавачаны сваёй віны не прызнае. Па словах яфрэйтара, сведчанні супраць яго — гэта помста за яго патрабавальнасць. На момант суда Красільнікаў знаходзіцца толькі пад падпіскай аб нявыездзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі