Гомельская журналістка прыйшла на ўласны суд з завязаным ротам
У Калінкавіцкім раённым судзе 28 траўня разглядалася адміністрацыйная справа журналісткі Ларысы Шчыраковай. Пратэстуючы супраць судовага працэсу, жанчына прыйшла ў суд з завязаным ротам, перадае "Белсат".
Нагодай сталі некалькі стрымаў, якія Шчыракова зрабіла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку ў красавіку 2018 года. Яна вяла трансляцыю з кватэры, дзе галадалі маці асуджаных па 328-м артыкуле Крымінальнага кодэкса. Гэтыя стрымы выкарыстаў на сваім сайце тэлеканал "Белсат".
Удзельніцы галадоўкі патрабавалі змякчыць пакаранне па "наркатычным" 328-м артыкуле.
Суддзя Святлана Кугейка пастанавіла аштрафаваць журналістку за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі на 980 рублёў (40 базавых велічыняў). Журналістка плануе абскарджваць прысуд.