Гомельскі праваабаронца патрабуе ў мытнікаў вярнуць канфіскаваны ноўтбук

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся са скаргай да старшыні Мытнага камітэта Юрыя Сянько з патрабаваннем вярнуць ноўтбук, які без тлумачэння прычын канфіскавалі ашмянскія мытнікі 24 траўня на прапускным пункце “Каменны Лог”.

У гэты дзень Леанід Судаленка вяртаўся з форуму праваабаронцаў, які праходзіў у Літве. На мяжы яму ўчынілі асабісты дагляд, а таксама абшукалі яго аўтамабіль. Разам з ноўтбукам канфіскавалі праграму і брашуры, прывезеныя з форуму ў адзінкавых асобніках для ўласнага карыстання. Акрамя таго, перапісалі серыю і нумар банкаўскай карткі і прымусілі падпісаць дэкларацыю. На мяжы Леаніда Судаленку пратрымалі каля трох гадзін, пасля чаго адпусцілі.

У сваёй скарзе праваабаронца запатрабаваў вярнуць ноўтбук і паставіў шэраг пытанняў, у тым ліку і аб тым, чаму ў дачыненні да яго прымянілі такую выключную мытную працэдуру, як асабісты дагляд.

Леанід Судаленка нагадвае, што апошнім часам пацярпеў ад шэрагу правакацый. Гэта і пагрозы забойства ў адрас яго сям’і, а таксама ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце "распаўсюду парнаграфіі" з узламанай электроннай скрыні праваабаронцы. Здарэнне на мяжы ён расцэньвае як чарговую правакацыю.

Судаленка: “Я лічу, што гэта працяг запалохвання ў адносінах да мяне і маёй сям’і. Канфіскацыя ноўтбука і ўчыненне асабістага дагляду з’яўляецца працягам серыі тых правакацый, якія прымяняюцца ў дачыненні да мяне з-за маёй актыўнай праваабарончай дзейнасці”.

Да сваёй скаргі да старшыні Мытнага камітэта Леанід Судаленка прыклаў таксама адно з рашэнняў камітэта ААН па правах чалавека “Судаленка супраць Беларусі”. Яно датычыцца падзей 2010 года, калі на тым жа прапускным пункце мытня канфіскавала ў праваабаронцы інструкцыі для кароткачасовых назіральнікаў за прэзідэнцкімі выбарамі. У рашэнні на міжнародным узроўні было пацверджана парушэнне Рэспублікай Беларусь правоў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі. Такім чынам Леанід Судаленка хацеў звярнуць увагу на сістэматычнае парушэнне яго правоў ашмянскай мытняй.


Фота: nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі