Гомельскую журналістку ў Расіі дзве гадзіны апытвалі невядомыя ў цывільным
Журналістка выдаліла відэа, якое не спадабалася прадстаўнікам расійскіх спецслужбаў.
Як паведамляла Еўрарадыё, 24 лістапада расійскія памежнікі затрымалі беларускую незалежную журналістку Ларысу Шчыракову і яе кіроўцу Кастуся Жукоўскага.
Журналістка здымала на відэакамеру матэрыял, як Расія абмяжоўвае транзіт экспарту з Беларусі. Спярша Шчыракова з Жукоўскім здымалі на беларуска-расійскай мяжы ў Добрушскім раёне, а потым пераехалі на тэрыторыю Расіі. Там журналістка здымала на відэа грузавікі, якія рухаюцца з Беларусі.
У каментары БелаПАН Шчыракова распавяла, што спярша яе спынілі расійскія памежнікі. Яны заявілі, што журналістка нібыта зняла на відэа супрацоўнікаў ФСБ, чаго рабіць нельга. Па яе ж словах, яны здымала толькі грузавікі, прычым — усяго дзевяць секундаў.
Потым з журналісткай размаўлялі невядомыя ў цывільным, якія не прадставіліся. Іх цікавіла, з якой мэтай Шчыракова вядзе здымкі. Яны распытвалі журналістку дзве гадзіны і папрасілі выдаліць з відэа кадры, якія ім не спадабаліся. Потым Шчыракову адпусцілі.
Фота — shchyrakova.wordpress.com