Грамадзяне Беларусі, магчыма, паляцяць з Афганістана самалётамі Мінабароны Расіі
Для эвакуацыі грамадзян РФ, АДКБ і Украіны будуць задзейнічаныя чатыры самалёты Мінабароны Расіі / tvzvezda.ru
Міністэрства абароны Расіі эвакуюе з Афганістана больш за 500 грамадзян РФ, АДКБ і Украіны, паведамляе ТАСС са спасылкай на абароннае ведамства. Беларусь з'яўляецца членам АДКБ.
У расійскім Мінабароны ўдакладнілі, што плануецца задзейнічаць чатыры самалёты. Яны ўжо на аэрадроме ва Ульянаўску.
На борце кожнага самалёта "знаходзяцца ўрачэбна-сястрынскія брыгады ваенных медыкаў з неабходным медыцынскім абсталяваннем і медыкаментамі", дадалі ў Мінабароны РФ. Створаны таксама запас пітной вады, коўдраў і харчавання.
У Афганістане няма беларускай амбасады. Беларуская дыпмісія, якая прадстаўляе інтарэсы Мінска ў Афганістане, размешчаная ў суседнім Таджыкістане. Раней супрацоўнікі амбасады казалі пра як мінімум 14 грамадзян Беларусі, уладальнікаў беларускага ВНЖ або іх сваякоў, якія хочуць пакінуць Кабул.
Пасля таго як 15 жніўня талібы занялі Кабул, заходнія краіны пачалі эвакуацыю сваіх грамадзян з Афганістана. Хочуць пакінуць краіну і тысячы мясцовых жыхароў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.