Гродзенскія ўлады патлумачылі, чаму прыбралі з царквы абразы навамучанікаў
Абразы новамучанікаў, якія не спадабаліся гродзенскім уладам
Гродзенскія ўлады заявілі, што абразы навамучанікаў з Пакроўскага кафедральнага сабора прыбралі, бо на іх былі "непрымальныя ў такім богаўгодным месцы сцэны гвалту і варожасці". Каментар з'явіўся ў тг-канале, звязаным з аблвыканкамам, піша hrodna.life.
Аўтары каналу апраўдваюць прыбіраннее абразоў так: "Любая духоўная вера — гэта вера ў любоў, у дабро і міласэрнасць. Любая Царква павінна вучыць верацярпімасці, беражліваму стаўленню да гістарычнай і культурнай спадчыны ўсякага народа.
Ідучы ў храм Божы, чалавек шукае супакаення, у тым ліку праз візуальны светагляд. Выявы лікаў святых павінны натхняць на станоўчыя эмацыйныя перажыванні і садзейнічаць правільнаму этычнаму і маральнаму выхаванню".
Але, як дадае hrodna.life, "непрымальныя сцэны гвалту і варожасці" прысутнічаюць на мностве абразоў. Дый выява ўкрыжаванага Ісуса Хрыста таксама паказвае сцэну гвалту.
Пра знікненне абразоў з праваслаўнай царквы ў Гродне стала вядома напрыканцы мінулага тыдня. Улады прыбралі два з васьмі абразоў навамучанікаў, якія з’явіліся ў царкве 17 гадоў таму. На абразах былі сцэны, як савецкія чырвонаармейцы і чэкісты арыштоўваюць і забіваюць праваслаўных дзеячаў. На двух зніклых абразах былі намаляваныя мітрапаліт Кіеўскі Уладзімір (закатаваны ў 1918 годзе) і мітрапаліт Петраградскі Веніямін (расстраляны ў 1922 годзе).
Сілавікі выказвалі прэтэнзіі да абразоў з моманту іх з'яўлення ў 2006 годзе. Апошнім часам супраць іх пачала выступаць і антыбеларуская актывістка Вольга Бондарава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.