Гурт “САД” прымерыўся ў Пружанах да новага альбома
Канцэрт прайшоў у поўным складзе і пры аншлагу.
Музыкі з Брэста выступалі ў гасцёўні сядзібы-музея “Пружанскі палацык”. Адспяваді дзве гадзіны. Пасля канцэрту лідэр гурта Уладзімір Серафімаў распавёў:
“У нас ужо ёсць матэрыял на новы альбом, цалкам. Песня пра абсэнт, яшчэ смярдзючая такая… “Смярдзючае танго” — яна цалкам новая... Проста не хачу надта рэкламаваць наперад. Пакуль не зробім у добрай якасці, не будзем у інтэрнэт выкладваць. Папярэдні альбом мы адмыслова выкладвалі часткамі. Спачатку я пад гітару спяваю, потым дадаецца бас або бубны. Паступовае абрастанне песень было інструментамі, аранжыроўкамі".
Гурт канчаткова вырашыў пытанне са скрыпкай, сказаў лідар. “Наташа Руцкая цалкам упісалася ў нашу цяперашнюю канцэпцыю”.
Апынулася, што ў Пружанах гурт мае стабільных прыхільнікаў. Адна з заўзятарак нават праспявала з гуртом песню ў якасці салісткі. Агулам на канцэрт прыйшло каля 100 фанаў. Як заўсёды на канцэрты “САДу” па-за родным горадам, прыехалі фаны з Брэста і ваколіц. Яны актыўна замаўлялі песні, але напрыканцы трэцяй гадзіны Серафімаў выбачыўся, маўляў, не жалезныя.
Наступны канцэрт “САД” плануе праспяваць на адной з хатніх пляцовак 22 лютага.