Гусі ці авечкі? Хто заменіць беларусам свіней
Фермер замест кабаноў гадуе бычкоў, а гісторык раіць прыгледзецца да гусей.
22 жніўня Аляксандр Лукашэнка публічна заклікае сваіх міністраў “ставіцца да людзей па-чалавечы” і ўсяляк дапамагаць ім перажыць праблемы са свіннямі. У Навагрудскім райвыканкаме Еўрарадыё расказваюць, што пакуль спраўляюцца.
“У нас праблем не ўзнікае. Ветэрынарны ўрач сам з людзьмі разбіраецца, на месцы. Да нас з такімі пытаннямі людзі амаль не прыходзяць”.
Амаль тое самае чую яшчэ ў некалькіх райвыканкамах. Відаць, калі сяляне і скардзяцца на ветслужбы, то адразу — у Адміністрацыю прэзідэнта. Мясцовыя ўлады запэўніваюць, што дапамогуць людзям чым заўгодна. У тым ліку згодныя падтрымаць прапанову намесніка прэм’ера Міхаіла Русага — той абяцае за тыдзень распрацаваць план свіназамяшчэння. Замест свіней беларусам прапануюць гадаваць авечак ды качак. Магчыма, нават дапамогуць фінансава.
Валожынскі фермер Анатоль Яневіч праз эпідэмію пазбавіўся цэлага статка свіней. Райвыканкам вінен яму больш за сто мільёнаў. Абяцаюць расплаціцца ў бліжэйшыя дні.
Спадар Яневіч вырашыў не чакаць, пакуль Міхаіл Русы прыдумае замену ягонаму страчанаму свіному статку. Ездзіць па вёсках і скупляе маладых бычкоў.
“Відаць, можна перакваліфікавацца. Я вось спрабую, набываю бычкоў у людзей. А пакуль запісаўся да старшыні райвыканкама. Паглядзім, што ён скажа”
Яневіч скептычна ставіцца да ідэі замяніць у сялянскіх гаспадарках свіней авечкамі альбо качкамі. Занадта інавацыйна гэта для беларусаў.
“З птушкамі складана. Ім вакцыны розныя патрэбныя. З бычкамі прасцей. Ім што? Камбікорм… Пра авечак не магу сказаць, ці рэальна гэта. З імі таксама проста, але ў Беларусі не ведаю, каб нехта авечкамі займаўся шырока”.
Праблема не толькі ў складанасцях з развядзеннем. Ці змогуць беларускія страўнікі прызвычаіцца да новых гатункаў мяса, а значыць і да новых страў?
Гісторык і найлепшы знаўца традыцыйнай беларускай кулінарыі Алесь Белы гаворыць, што варта звярнуць увагу на традыцыі беларускіх татараў і габрэяў. І хоць гусь свінні не таварыш, але замяніць яе зможа.
“Варта прыгадаць досвед рэлігійных меншасцяў, якія ў Беларусі даўно жывуць, — габрэі і татары. Ім свініну нельга есці. У іх аналаг свініны — гусь”.
На думку Белага, папулярызаваць гусей у беларускіх гаспадарках нескладана. Як і авечак ды качак. Для гэтага неабходныя мінімальныя высілкі мясцовых уладаў. Гісторык прыгадвае, што праз гэта беларусы ўжо праходзілі — у міжваенны час у Заходняй Беларусі польскія ўлады часта ініцыявалі развядзенне новых пародаў свойскай жывёлы, наймаючы для мясцовых жыхароў спецыялістаў у якасці інструктараў.
Фота ua.all.biz